Сёння ўся краіна выйшла на рэспубліканскі суботнік

22 апреля 2017

Навядзенне чысціні ў парках і скверах, добраўпарадкаванне мемарыяльных комплексаў і запаведнікаў. Сёння ўся краіна выйшла на рэспубліканскі суботнік. Сродкі ад яго накіруюць, у прыватнасці, на рэстаўрацыю і аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ва ўстановах дадатковай адукацыі, стварэнне і развіццё суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры, а таксама на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона.

Дарэчы, зрабіць свой горад яшчэ больш прыгожым і ўтульным жыхары Мінска маглі таксама падчас акцыі "Мільён дрэў Мінску", якая праходзіла ў сталіцы з пачатку красавіка і была прымеркавана да 950-годдзя горада. На гэтым тыдні ў парку імя Паўлава высадзілі мільённае дрэва!

Свой штрых у зялёнае афармленне сталіцы ўносілі і самі знакамітыя гістарычныя дзеячы. У парку імя Максіма Горкага да гэтага часу цвіце двухсотгадовая ліпа. Згодна з легендай, яе маленькім саджанцам высадзіў яшчэ першы губернатар Мінска Захарый Карнееў. А з паркам імя Янкі Купалы суседнічае Алея дружбы - каштаны высадзілі паўстагоддзя таму знакамітыя дзеячы ХХ стагоддзя, у тым ліку Пётр Машэраў і маршал Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі.