Сёння - Вялікая Субота

30 апреля 2016

Вялікая Субота папярэджвае галоўнае хрысціянскае свята - Вялікдзень. З самай раніцы ва ўсіх храмах Беларусі праходзяць урачыстыя богаслужэнні. Падчас іх свяшчэннікі мяняюць чорныя уборы на светлае адзенне. Нягледзячы на тое, што гэта самы строгі дзень Перадвелікоднага тыдня, адчуванне свята - у самім паветры. Як да яго рыхтуецца Брэстчына, мы даведаемся ад нашага карэспандэнта Алесі Зелянко.

Дарэчы, у народзе прыкмячаюць, што калі ў Вялікую Суботу светла, ясна і цёпла, то і лета будзе такое ж. А нават калі спахмурнеюць нябёсы, светла будзе на сэрцы. Бо Вялікдзень - гэта галоўная падзея года для праваслаўных хрысціян. І на Брэстчыне да яго рыхтуюцца шчыра, старанна і сумесна!

Ужо трэці год запар жыхары Кобрына ў Перадвелікодны тыдзень працуюць побач з манашкамі. Трэба ўпрыгожыць святочныя кулічы. Пасля іх раскупяць прыхаджане. Такім чынам, разам з памяццю пра Хрыстова Уваскрэсенне ўваскрэсне і былая веліч праваслаўнага жаночага манастыра Усяміласцівага Спаса. Гэта адзін з самых старажытных манастыроў Беларусі. 550 гадоў з моманту заснавання і ўжо 4 гады пасля аднаўлення.

Не менш традыцыйнай, чым выпечка кулічоў, справай займаюцца дзеці Таццяны і Ігара Кавальчукоў. Яйкі фарбуюць у цыбульным шалупінні і харчовымі фарбавальнікамі. Калі падрыхтуюць усё, паедуць да сваякоў у вёску. Гэта таксама традыцыя.

Сутнасць галоўнага праваслаўнага свята - перамога жыцця над смерцю. У Перадвелікодны тыдзень успамінаюць апошнія дні зямнога жыцця і пакуты Ісуса Хрыста. Але, каб атрымаць Божую ласку, кожнаму чалавеку трэба перамагчы сябе.

Ігумен Ігнацій, настаяцель храма ў гонар Ціхвінскай іконы Божай Маці (Брэст): "Людзі імкнуцца да гэтага дня падрыхтавацца Вялікім постам, але не проста ўстрыманнем ад ежы, а першым чынам, зменай унутранага стану. Набыццём добрых, маральных якасцяў, для таго, каб сустрэча з Хрыстом адбылася першым чынам у сэрцы хрысціяніна".

Дарэчы, сям’я Кавальчукоў сёлета пойдзе прычашчацца на Вялікдзень у поўным складзе. Бо старанна трывалі, вучыліся прабачаць і любіць. А з любові да бліжняга, кажуць, і пачынаецца Царства Нябеснае.