Самыя цікавыя падзеі з жыцця Прыдзвіння - у нашым дайджэсце

18 августа 2018

У Наваполацку пачалася маштабная рэканструкцыя лядовай арэны "Хімік". У выніку мясцовы хакейны клуб, выхаванцы спартыўнай школы і гараджане атрымаюць яшчэ адзін крыты каток. Гэта дазволіць развіваць не толькі хакей, а яшчэ фігурнае катанне і шорт-трэк. Медаль “За адвагу” вярнуўся ў сям’ю героя. Пад Віцебскам на прысядзібным участку знайшлі ўзнагароду. Каму яна належала, высветлілі пошукавікі. Медаль перадалі сыну воіна Вялікай Айчыннай. Таматная каралева. Бібліятэкар з Бешанковіч на прысядзібным участку вырошчвае больш за 400 сартоў памідораў. Самыя цікавыя падзеі з жыцця Прыдзвіння - у нашым дайджэсце.

Расказвае Вольга Маслоўская: У Наваполацку ідзе маштабная рэканструкцыя лядовай арэны. Палац спорту "Хімік" - трэніровачная база аднайменнай хакейнай каманды і выхаванцаў спартыўнай школы. А яшчэ любімае жыхарамі месца баўлення часу. Але пабудаваная звыш двух дзесяцігоддзяў таму лядовая арэна безнадзейна састарэла. Сістэма вентыляцыі, трыбуны для гледачоў, асвятленне катка не адпавядалі патрабаванням да сучасных лядовых пляцовак. Спробы мадэрнізацыі рабіліся ў 2008 годзе, але недахоп сродкаў прымусіў спыніць працу. Сёлета Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб аднаўленні наваполацкага палаца "Хімік". Будаўніцтва ідзе хуткімі тэмпамі. Да канца года аб’ект павінен быць завершаны.

Побач з Палацам спорту пабудуюць яшчэ адзін трэніровачны крыты каток з трыбунамі. На асноўнай арэне ў выніку рэканструкцыі з’явіцца святлодыёднае асвятленне, электроннае табло, эфектыўная сістэма вентыляцыі. Усталююць новыя месцы для гледачоў, будзе працаваць аздараўленчы цэнтр, кафэ, зімовы сад.

Узнагарода вярнулася ў сям’ю героя. Пад Віцебскам на прысядзібным участку знайшлі медаль "За адвагу". Дзякуючы мясцовым пошукавікам удалося высветліць, што ўзнагарода належала сяржанту Барысу Карнееву. Пасля вайны ён стаў жывапісцам, атрымаў званне заслужанага мастака Расійскай Федэрацыі. Яго ўжо няма ў жывых, але пошукавікі знайшлі сына адважнага воіна - Андрэя Карнеева. Па бацькаў медаль у Віцебск ён прыехаў з Санкт-Пецярбурга.

Самога героя не стала ў 1973 годзе. Пра тое, як ён ваяваў, расказваў мала, аднак многае з вайны адлюстраваў у карцінах. У сям’і франтавіка цяпер на ганаровым месцы будзе і знойдзены праз дзясяткі гадоў медаль.

Таматная каралева. Бібліятэкар з Бешанковіч на прысядзібным участку вырошчвае больш за 400 сартоў памідораў. Экзоты, гіганты, паласацікі, бі-калоры і чэры. Летась Надзея Куц сабрала звыш 700 кілаграмаў памідораў. Сёлета разлічвае на не меншы ўраджай.

Плён свайго захаплення калекцыянер штогод дэманструе на выставе пад назвай "Парад таматаў". Зараз чытальная зала бібліятэкі, дзе працуе калекцыянер, пераўтварылася ў выставачную. За дзень - каля сотні наведвальнікаў. Калегі такое захапленне не толькі падтрымліваюць, але і пераймаюць.



Зараз чытаюць