Пяць дагавораў аб супрацоўніцтве

25 марта 2017

Такі вынік візіту дэлегацыі Лодзінскага ваяводства ў Віцебскую вобласць. За тры дні прадстаўнікі мясцовага самаўпраўлення і бізнес-колаў атрымалі поўнае ўяўленне пра патэнцыял паўночнага рэгіёна Беларусі. У першую чаргу, эканамічны. Госці пабывалі на прадпрыемствах Оршы і Віцебска. Сярод іншых паспяховых стартапаў наведалі і фірмы, якія маюць у аснове польскі капітал. Вольга Маслоўская працягне тэму.

Прадпрыемства па вытворчасці рукавоў высокага ціску вядомай еўрапейскай маркі ў Оршы. Такіх заводаў у Старым Свеце тры. Беларускі – самы малады. Працуюць у цеснай сувязі з польскім філіялам, адкуль атрымліваюць сыравіну і інфармацыйную падтрымку.

Лукаш Гжэшычак на беларускі завод камандзіраваны два гады таму. Зараз у вольны час вандруе па краіне, а ў працоўны - удасканальвае канцэпцыю інавацыйнага развіцця філіяла ў Оршы.

Амаль 18 мільёнаў еўра інвестыцый. За год выпушчана прадуцыі на 6,5 мільенаў еўра. Завод - прыклад паспяховага стартапа. Калі ў цэх трапілі госці з Лодзінскага ваяводства, зразумелі: бізнес у Беларусі – гэта высокакваліфікаваныя кадры, культура вытворчасці і сучасныя тэхналогіі. Менавіта для гэтага – каб адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць, - польская дэлегацыя на тры дні прыехала ў Віцебскую вобласць. Цікавасць да найбліжэйшага суседа зразумелая. Наша краіна не толькі прапануе камфортныя ўмовы вядзення бізнесу, але і выхад на рынак ЕАЭС.

У нашай краіне больш за 350 кампаній з польскім капіталам. Заходні сусед – трэці партнёр Беларусі па тавараабароце. Віцебская вобласць экспартуе палімеры, шкловалакно, аптычныя прыборы. Завозіць садавіну, дэталі абутку, прамысловае абсталяванне.

Паміж двума рэгіёнамі - тысяча кіламетраў. Суседзямі Лодзінскае ваяводства і Віцебская вобласць на карце не з’яўляюцца. Але ўжо 17 гадоў іх звязвае сапраўднае сяброўства. Бізнес – рэч не сентыментальная, але заўважана: тавараабарот расце хутчэй, калі ёсць пра што пагаварыць за кубкам кавы.

Вольна адчуваюць сябе ў якасці рэзідэнтаў свабоднай эканамічнай зоны “Віцебск” пяць прадпрыемстваў з польскімі інвестыцыямі. Адно з іх - у Беларусі па-за канкурэнцыяй. Ніхто болей у краіне не выпускае гандлёвае абсталяванне.

І галоўны козыр: рэзідэнты СЭЗ на 10 гадоў вызваляюцца ад падатку на прыбытак. Прэферэнцыямі Свабоднай зоны карыстаецца і віцебская фабрыка дзіцячага адзення. Дарэчы, добра развітая швейная і тэкстыльная прамысловасць – тое, што аб’ядноўвае Віцебскі і Лодзінскі рэгіёны. У швейным цэху ідзе размова пра агульныя тэндэнцыі.

Фундаментам для далейшага супрацоўніцтва – і не толькі ў сферы эканомікі – стануць дагаворы аб супрацоўніцтве. Пяць пагадненняў паміж рэгіёнамі Віцебскай вобласці і Лодзінскага ваяводства былі падпісаны пад апладысменты.