Прыродныя крыніцы прывабліваюць турыстаў

8 сентября 2018

У Год малой радзімы асаблівая ўвага - любімым мястэчкам. І гэта не толькі наведванне родных вёсачак, але і добраўпарадкаванне паркаў адпачынку, помнікаў прыроды, у тым ліку крыніц. Яны і сёння прывабліваюць нямала турыстаў. Зрабіць гэтыя мясціны больш утульнымі закліканы шматлікія акцыі, да якіх далучылася моладзь, валанцёры, ахоўнікі прыроды і здымачная група “Краіны”.

Расказвае Андрэй Ястрабаў.

Невыпадкова крыніцы лічацца галоўным багаццем беларускай зямлі - чыстая вада, побач з імі прахалода. Напрыклад, жыхары вёскі Сіпайлы ўвогуле ўпэўненыя: менавіта мясцовая крынічка наталяе іх жыццёвай энергіяй.

Сёлета мясцовыя жыхары вырашылі надаць сэрцу роднай вёскі другое жыццё. За справу ўзяліся памяркоўна - баяліся нашкодзіць крыніцы.

Ваду аддалі на даследаванні - так у крыніцы з’явіўся свой пашпарт якасці. І гэта быў толькі пачатак. Інспекцыя па ахове прыроды аб’явіла акцыю па добраўпарадкаванні ўсіх крыніц раёна. Напрыклад, у вёсцы Прыбар.

Эстафету падхапіла і моладзь. "Добрыя справы табе, мая малая радзіма" - так назвалі акцыю актывісты БРСМ і разам з валанцёрамі ўзяліся за навядзенне чысціні ў парках, ля помнікаў прыроды і на крыніцах. Гэтая - у Магілёўскім раёне недалёка ад вёскі Ямніца - заўсёды прываблівала турыстаў. Некалькі гадзін працы - і цяпер гэта ўтульнае месца адпачынку.

У планах - асвячэнне крыніцы. І турзлёты. Такія добраўпарадкаваныя маляўнічыя мясціны, на думку арганізатараў, абавязкова прывабяць аматараў адпачынку на прыродзе.

Далучыцца да акцый таксама магчыма. Тут заўсёды рады добрым людзям. Дастаткова набраць у сацыяльных сетках хэштэг рыніца_натхнення і пакінуць свой след на зямлі.