Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік атрымаў сучаснае абсталяванне

20 февраля 2016

Гэта флюксер - плавільная печка для апрацоўкі невялікіх узораў. Плавільнік пастаўлены вучоным па лініі МАГАТЭ. Над чым жа цяпер могуць працаваць спецыялісты палескага запаведніка, высвятляў Яўген Пабалавец.

Новы прыбор гомельскія вучоныя атрымалі літаральна днямі. Ён яшчэ нават цалкам не распакаваны. Флюксер, ці іншымі словамі - плавільнік, уяўляе сабой плавільную печку для невялікіх узораў. Дадаюць флюс, і падчас сплаўлення ўся мінеральная частка глебы пераходзіць у раствор. Так і вызначаюць наяўнасць трансуранавых элементаў і стронцыя ў поўным аб’ёме. Новы прыбор дасць магчымасць вучоным рабіць больш абгрунтаваныя высновы.

Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі працуе з беларускімі вучонымі ўжо больш за 10 гадоў. Зараз ідзе выкананне чацвёртага тэхнічнага праекта. Каб спецыялістам было больш спадручна працаваць - забяспечваюць неабходнай тэхнікай.

Пры падтрымцы МАГАТЭ некалькі гадоў таму гэтыя лабараторыі атрымалі самае сучаснае абсталяванне. Сёння гэта дазваляе з высокай дакладнасцю вымяраць увесь спектр радыенуклідаў глебы, жывёльнага і расліннага свету гэтай тэрыторыі.

Вынікі даследаванняў потым дэманструюцца на навуковых канферэнцыях, публікуюцца ў спецыяльнай літаратуры. У абавязковым парадку накіроўваюцца ў МАГАТЭ. Цікавасць да беларускай тэрыторыі абумоўленая асаблівасцю чарнобыльскай аварыі.

Па ўсім свеце ёсць шмат месцаў з забруджанасцю такога характару, але значна меншага ўзроўню. Такім чынам, вопыт вучоных палескага запаведніка неацэнны. Ён дазволіць сусветнай навуковай супольнасці быць больш гатовымі да магчымых тэхнагенных аварый. Беларусы працягваюць узаемадзеянне з МАГАТЭ. Найбліжэйшым часам стартуе новы праект. Плануецца, што падчас гэтага супрацоўніцтва беларускія вучоныя атрымаюць сучасны гама-спектрометр.