Па Беларусі курсіруюць перасоўныя бібліятэкі

21 октября 2017

Кнігі - на любы густ. Ад класічных твораў да спецыяльнай літаратуры. Па Беларусі курсіруюць перасоўныя бібліятэкі. Так званыя бібліёбусы выконваюць заяўкі чытачоў, прывозяць свежыя нумары часопісаў, кніжныя навінкі.

На паліцы адной з бібліятэк на колах зазірнула Вікторыя Патоня. Перш чым адправіцца ў падарожжа, бібліятэкар Алена Зінчук рыхтуецца да сустрэчы з чытачамі. У спецыяльным сшытку - заказы.

Па Маларыцкім раёне бібліятэка на колах курсіруе тры разы на тыдзень. Абслугоўвае амаль 400 чытачоў з 21-й вёскі. “Бібліятэчны дзень” тут чакаюць, бяруць кніжныя навінкі і перыёдыку.

У фондах бібліёбуса - амаль 2 тысячы кніг: ад класікі да спецыяльнай літаратуры. Адзін з істотных плюсаў у тым, што хадзіць у такую бібліятэку не трэба, яна сама прыязджае да чытачоў, фактычна пад парог дома.

У Забалацці 18 пастаянных чытачоў. У асноўным - пенсіянеры. Мабільная бібліятэка прыязджае да іх штомесяц. Ганна Стасюк і Галіна Кулічык аддаюць перавагу праваслаўнай літаратуры, і па-суседску кнігамі абменьваюцца. Кажуць: чытанне для іх, літаральна, - страва духоўная.

Як правільна даглядаць пчол? І якія кулінарныя рэцэпты можна паспрабаваць на практыцы? Для Еўдакіі Багрынцавай мабільная бібліятэка вязе свежую перыёдыку. Больш за 20 часопісаў і газет з прапановамі. Ёсць што ўзяць на заметку.

Больш за ўсё кніг бярэ сям’я Максімук. Казкі - для дзяцей, раманы і кнігі па гісторыі - для дарослых. Сярод чытачоў бібліятэкі на колах няма даўжнікоў. Кнігі вяртаюць у тэрмін. За 7 гадоў такой працы са сваімі чытачамі ў глыбінцы Алена Зінчук пасябравала. А нумар яе мабільнага ведае кожны ўладальнік фармуляра.

Бібліятэкары і чытачы перакананыя: абслугоўваць мабільны кніжны фонд значна танней, чым стацыянарную бібліятэку. Магчыма, у перспектыве па вёсках будуць курсіраваць сучасныя перасоўныя чытальні, дзе можна будзе не толькі ўзяць кнігу, але скарыстацца Інтэрнэтам.