Перапрацоўка другаснай сыравіны

20 августа 2016

Бегавыя дарожкі са старой гумы, сшыткі з непатрэбных часопісаў і бытавая тэхніка з адпрацаваных батарэек. На прадпрыемствах Мінскай вобласці пераходзяць да больш паглыбленай перапрацоўкі другасных рэсурсаў. Пры гэтым цана і якасць будучай прадукцыі залежаць ад правільнага сартавання пластыку, шкла, макулатуры. Як перапрацоўка другаснай сыравіны аздараўлівае не толькі экалогію, але і эканоміку, раскажа Ян Пашкевіч.

Пластыкавыя бутэлькі, старыя часопісы і нават адпрацаванае машыннае масла – усё гэта сёння з простага смецця ператвараецца ў якасую сыравіну для вытворчасці. Вынікі такога экапрагрэсу бачныя літаральна паўсюль – напрыклад, на гэтым стадыёне бегавыя дарожкі вырабленыя са звычайнай гумы ад машын, а вось гэты блакнот зроблены з макулатуры.

Разабраць на малекулы, ачысціць і зноў сабраць – схематычна так можна апісаць працэс вытворчасці новай паперы са старых часопісаў і сшыткаў. На Барысаўскай папяровай фабрыцы аўтаматызаваную лінію па перапрацоўцы макулатуры запусцілі год таму. Старыя газеты тут змешваюць з вадой і перамолваюць у адзіную масу.

У такім "кактэйлі" доля папяровых валокнаў не перавышае 3%. Фільтры адсейваюць з сумесі скотч і сашчэпкі. Потым ачышчаная маса трапляе на канвеерную стужку, дзе з яе выпампоўваюць усю вадкасць, і малекулы цэлюлозы зноў складаюцца ў адзінае палатно. У наступным годзе на вытворчасці плануюць паглыбіць перапрацоўку паперы. Грошы на мадэрнізацыю выдзелілі Праграма развіцця ААН і Еўрасаюз.

А на прадпрыемстве ў Крупскім раёне на "рэабілітацыю" трапляюць розныя віды машыннага масла. Сучасны праект запусцілі год таму інвестары з Ізраіля і Кіпра. З вадкасці, што адслужыла свой тэрмін, тут выдаляюць звыш 99% забруджвання.

Вось у такім выглядзе машыннае масла трапляе на перапрацоўку і затым праходзіць тры стадыі ачысткі. Атрымліваецца вось такая вадкасць. Яна нязначна адрозніваецца па колеры, але менавіта гэты матэрыял стане сыравінай для будучых нафтапрадуктаў.

У залежнасці ад таго, што дадаць у гэтую вадкасць, можна атрымаць машыннае масла, эмульсію для засцярогі дрэва ад вады або змазку. Такая прадукцыя адрозніваецца ад аналагаў толькі цаной – яна амаль на трэць таннейшая. Выдаленыя ж з масла элементы таксама зноў пачнуць свой жыццёвы цыкл – у выглядзе бітуму.

Ігар Сафонаў, дырэктар прадпрыемства па перапрацоўцы нафтапрадуктаў: "Наша прадукцыя ўжо атрымала прызнанне ўнутры беларускага рынку. Акрамя таго, мы ўжо заключылі дагаворы на пастаўкі з Польшчай, Расіяй і Украінай. Таксама плануем заняцца больш глыбокай перапрацоўкай шын".

Акрамя таго, сёлета ўпершыню ў краіне з'явілася лінія па перапрацоўцы старых батарэек. Шчолачныя і солевыя міні-акумулятары размолвае на крошкі моцны шрэдар, а затым магніт аддзяляе метал ад марганца-графітавай начынкі.

Ігар Гарбачоў, намеснік галоўнага інжынера прадпрыемства БелВТІ: "Сёлета за паўгоддзе мы сабралі 28 тон батарэек. Наша лінія, якую мы зманціравалі, разлічаная на 100 тон за год, і мы бачым, што лінія будзе рэальна загружаная на сто працэнтаў".

У бліжэйшых планах – навучыцца працаваць і з іншымі карыснымі адходамі.

Руслан Міхалевіч, намеснік начальніка ўпраўлення абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага ассяроддзя: "Найбольш распаўсюджаныя віды адходаў - гэта будаўнічыя, раслінныя і жывёльныя. Іх мы пастаянна накіроўваем на выкарыстанне біягазу, перапрацоўваем шыны. Плануецца выкарыстанне цвёрдых бытавых адходаў. Яны пойдуць на кампост і біягаз".

Усяго ж летась у цэнтральным рэгіёне сабралі звыш 4 мільёнаў тон другаснай сыравіны. Пры гэтым калі адходы вытворчасці прадпрыемстваў перапрацоўваюцца больш чым на 90%, то сярод насельніцтва гэты паказчык не перавышае 15%.