Пацыенты могуць ацаніць якасць работы медыкаў

3 декабря 2016

Інфарматызацыя ў сістэме аховы здароўя. Услед за выкарыстаннем электронных  рэцэптаў  і тэлемедыцынай урачы Віцебскай вобласці ўкараняюць і незвычайныя для Беларусі праекты. У абласным цэнтры дэрматавенералогіі і касметалогіі пацыенты цяпер могуць ацаніць работу доктара і выставіць яму адзнаку.  Наш карэспандэнт Вольга Шмаргун даведалася, як разумныя гаджаты дапамагаюць урачам і пацыентам.

Абласны цэнтр дэрматавенералогіі і касметалогіі рэалізуе эксперыментальны праект. Тут пацыенты могуць ацаніць якасць работы медыкаў. Гаворачы сучаснай мовай, паставіць доктару "лайк". Прычым не на сайце ўстановы, напісаўшы водгук, а ў рэгістратуры адразу пасля прыёму спецыяліста.

На прыём да ўрача Максім Маліцкі сёння прыйшоў па кансультацыю. У кабінеце атрымаў адказы на ўсе пытанні. Доктар - спецыяліст з багатым вопытам, да якога заўсёды імкнуцца трапіць на прыём. Цяпер пацыенты могуць ацаніць яе работу. Каля рэгістратуры ўстаноўлены планшэт, дзе любы наведвальнік цэнтра ў некалькі клікаў можа паставіць урачу адзнаку. Максім выбірае вышэйшую і канкрэтызуе: за прафесіяналізм і добразычлівыя адносіны.

Кожны ўрач цэнтра за тыдзень набірае каля сотні такіх водгукаў ад сваіх пацыентаў. Балы падсумоўваюцца і ўплываюць на памер прэміі спецыяліста. Такая зваротная сувязь, лічаць ва ўстанове, павышае якасць медыцынскага абслугоўвання.

Эксперыментальны праект рэалізуюць толькі тры месяцы. Галоўны ўрач цэнтра  падгледзеў ідэю за мяжой. А праграму для гаджата напісалі мясцовыя праграмісты. Калі праект апраўдае сябе, яго могуць укараніць і ў іншых медыцынскіх установах вобласці.

Так, Віцебскі абласны дыягнастычны цэнтр сёння камп'ютарызаваны максімальна. Ад папяровых дакументаў тут адмовіліся яшчэ 20 гадоў таму. Стварылі электронную базу даных і паступова падключаюць да яе ўсе раёны вобласці.

Электронны рэцэпт, які выпісвае ўрач, адразу становіцца даступным у аптэчнай базе. Каб набыць неабходныя лекі, пацыенту дастаткова проста прад'явіць пашпарт. А доктар у сваю чаргу можа пракантраляваць, ці выконваюцца яго рэкамендацыі.

Зараз на электронныя рэцэпты паступова пачне пераходзіць уся сістэма аховы здароўя вобласці. А з пачатку 2017-га з'явяцца электронныя амбулаторныя карткі.