Партызанскі рух падчас Вялікай Айчыннай вайны у Беларусі быў адным з самых масавых

14 мая 2016

На акупіраванай тэрыторыі краіны супраць фашысцкіх захопнікаў змагаліся больш як 70 тысяч падпольшчыкаў. Сярод беларускіх патрыётаў пераважала моладзь. Так, адзін з першых створаных у Магілёўскай вобласці партызанскіх атрадаў – Асмана Касаева. Памяць пра подзвігі 121 партызанскага палка, які да 1944 года знішчыў амаль тысячу гітлераўцаў, клапатліва захоўваюць у Бялыніцкім раёне. Школьнікі і жыхары аграгарадка Цяхцін падтрымліваюць парадак у зямлянках, якія засталіся з часоў дзеяння гэтага партызанскага атрада.

Расказвае Крысціна Каранкевіч: У аграгарадку Цяхцін Бялыніцкага раёна для школьнікаў праводзяць урокі мужнасці. Дзеці прыязджаюць на невялічкую пляцоўку недалёка ад вёскі, дзе мясцовыя жыхары стварылі помнік партызанскаму руху на Бялыніцкай зямлі.

Менавіта тут у 1941 годзе быў арганізаваны адзін з першых партызанскіх атрадаў у Магілёўскай вобласці, вядомы як атрад Асмана Касаева. І зямлянкі – рэаліі тых часоў - цяпер з цікавасцю вывучаюць школьнікі.

У гэтых зямлянках, дзе і да гэтага часу не сышла вясновая вада, падчас вайны жылі сваякі гэтых вучняў. І менавіта школьнікі і іх настаўнікі цяпер падтрымліваюць зямлянкі ў належным стане.

У гонар Вялікай Перамогі дзеці пасадзілі алею. Амаль дзесяць розных дрэўцаў – ад бярозы і рабіны да дубка і бэзу – упрыгожылі двор мясцовай школы.

Памятаць пра вайну і ведаць сваю гісторыю трэба, гавораць школьнікі. Гэта ўрок, за вывучэнне якога адзнаку паставіць жыццё.