Адзінаццацікласнік з Кобрына распрацаваў міжнародную інтэрнэт-платформу развіцця гарадоў

20 февраля 2016

Як садзейнічаць развіццю малых гарадоў? Адзінаццацікласнік з Кобрына распрацаваў міжнародную інтэрнэт-платформу развіцця гарадоў. Праект перамог на прэстыжным міжнародным конкурсе ў Санкт-Пецярбургу. З таленавітым юным інфарматыкам пазнаёмілася наш карэспандэнт Людміла Салдзіна.

Уладзіміра Гангалу інфарматыка захапіла яшчэ ў класе пятым - старэйшы брат падаў прыклад. Ён жа стаў і першым настаўнікам для Валодзі. Захопленага інфарматыкай падлетка заўважылі і выкладчыкі школы.

Віктар Лагвіновіч разам са сваім бацькам, таксама настаўнікам матэматыкі Якавам Лагвіновічам, сталі навуковымі кіраўнікамі Уладзіміра Гангалы. Ужо ў восьмым класе падлетак распрацаваў віртуальны каталог сайтаў Кобрынскага раёна і адразу пачаў працаваць над сайтам горада. Абышоў усе памятныя і цікавыя месцы райцэнтра, здымаў іх, пісаў пра іх артыкулы. Сёння сайт “Турыстычны Кобрын” - гэта больш за тысячу ўнікальных старонак аб горадзе. За месяц каля 70 тысяч наведвальнікаў.

Здзейсніць віртуальнае падарожжа па Кобрыне можна не адыходзячы ад манітора. На сайце - звыш 300 панарам. Адзін клік - і мы гуляем ля сажалкі ў парку, клік - і падыходзім да помніка Сувораву. Адметнасцю сайта сталі віртуальныя экскурсіі не толькі па горадзе, але і па вёсках раёна. Зараз мы перамясціліся ў вёску Бельск.

“Турыстычны Кобрын” прызнаны лепшым з сайтаў па арганізацыі ўязнога турызму ў Беларусі. Распрацоўшчык на гэтым не спыніўся. І чарговая ідэя - міжнародная інтэрнэт-платформа развіцця гарадоў "Сіці-АП" - ужо рэальнасць. На яе аснове можна хутка ствараць сайты населеных пунктаў, аналагічныя “Турыстычнаму Кобрыну”.

Платформа "Сіці-АП" - першая ў сваім родзе і не мае аналагаў. Праект стаў пераможцам на Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе, які праходзіў на пачатку лютага ў Санкт-Пецярбургу. Удзельнікаў было звыш 300 - з усёй СНД. Акрамя дыплома і хрустальнага шара, кобрынскі школьнік атрымаў сертыфікат на навучанне і стажыроўку ў расійскай кампаніі, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння.

У сваёй школе Уладзімір Гангала сёння знакамітасць. Але зазнавацца не ў характары юнака - кажуць яго аднакласнікі.

Перад Уладзімірам Гангалам сёння стаіць задача годна абараніць свой праект на рэспубліканскім навукова-інжынерным конкурсе “BelSEF -2016”, які гэтымі днямі (19-21 лютага) праходзіць у Мінску. Перамога ў ім дае пуцёўку на ўдзел у амерыканскай версіі конкурсу. Таленавіты кобрынскі школьнік спадзяецца, што яму пашчасціць прадставіць родную Беларусь на высокім міжнародным узроўні.