Новае імя ў гераічнай абароне Брэста адкрылі супрацоўнікі мясцовай пракуратуры

7 мая 2016

На пачатку Вялікай Айчыннай абараняць Брэсцкі чыгуначны вакзал актыўна дапамагала Надзея Георгіеўна Калаціліна - пракурор крымінальна-следчага аддзела абласной пракуратуры. І летась у кнізе Сяргея Смірнова “Брэсцкая крэпасць” старшы памочнік пракурора Брэсцкай вобласці Ірына Грачова знайшла радкі, дзе ўзгадваецца пракурорскі работнік па імені Надзея, якая з чырвонаармейцамі трымала абарону Брэсцкага вакзала. Пачаліся пошукі - у кадравым саставе значылася толькі адна Надзея – Калаціліна. А з архіва Генеральнай пракуратуры стала вядома: з Брэста пасля вайны яна пераехала ў расійскі Куйбышаў. У вывучэнні ваеннай біяграфіі Калацілінай дапамагла пракуратура Самарскай вобласці, удалося нават звязацца з яе роднымі.

У музеі абароны Брэсцкай крэпасці ёсць экспазіцыя, прысвечаная гэтай гераічнай гісторыі. У падвалах чыгуначнага вакзала чырвонаармейцы тыдзень трымалі абарону, пакуль немцы не пачалі іх затапліваць вадой. Супрацоўнікі музея абяцаюць: цяпер у экспазіцыі побач з абаронцамі Брэсцкага вакзала будзе ўвекавечана памяць і Надзеі Калацілінай.