Незвычайны праект па этнарэабілітацыі праходзіць у Віцебскай вобласці

18 февраля 2017

Яго асноўная задача - матываваць людзей рознага узросту да здаровага ладу жыцця і на практыцы пазнаёміць з сучаснымі дыягнастычнымі тэхналогіямі.

Марына Раманоўская далучылася да праекта і ўжо нават паспела адчуць на сабе эфект этнатэрапіі. Студэнты, выкладчыкі, народныя ўмельцы і нават людзі сталага ўзросту сабраліся разам на адной этнапляцоўцы. Некалькі рухаў - і з залацістай саломкі атрымліваецца лялька. На першы погляд, здаецца, што вось так, маштабна, праходзіць звычайны майстар-клас. На самай жа справе ён - частка міждысцыплінарнага праекта па этнарэабілітацыі.

У Віцебскай вобласці культурна-навуковы праект дзейнічае некалькі месяцаў. Зараз вядзецца набор у эксперыментальныя групы: спачатку ўдзельнікі праекта пройдуць тэсціраванне стану здароўя. Пасля на сабе правераць курс этнарэабілітацыі. На апошнім этапе спецыялісты параўнаюць паказчыкі да і пасля.

Галоўная задача праекта - матываваць людзей весці здаровы лад жыцця і на практыцы пазнаёміць з сучаснымі дыягнастычнымі і аднаўленчымі тэхналогіямі, дзе, напрыклад, саломапляценне і ткацтва выконваюць ролю сродкаў эргатэрапіі.

Каб зрабіць такі сувенір, майстру спатрэбілася ўсяго некалькі хвілін. Навічку часу патрабуецца крыху больш. Але ў этнатэрапіі галоўнае не хуткасць, а эмоцыі ад працэсу стварэння маленькага шэдэўра.

Спецыялісты падкрэсліваюць: праект ужо стаў папулярным і сярод старэйшага пакалення, і сярод моладзі. Студэнтка Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта Назіма Ібрагімава, кажа, што з вялікім задавальненнем адчула сябе ў ролі майстра. Сувенір, які зрабіла сваімі рукамі, абавязкова забярэ з сабой у Туркменістан.

У хуткім часе маштабны праект правядуць пад адкрытым небам на святкаванні Масленіцы. Так, кажуць спецыялісты, эфект ад этнарэабілітацыі будзе больш поўным. А апрабаваць на сабе такую незвычайную тэрапію зможа любы ахвочы.