На пагранзаставе “Глыбоцкае” Гомельскай вобласці працуе ўнікальнае абсталяванне

14 мая 2016

На пагранзаставе “Глыбоцкае” Гомельскай вобласці працуе ўнікальнае абсталяванне, якое дазваляе своечасова выяўляць аддаленыя аб’екты на дзяржаўнай мяжы краіны і аператыўна перадаваць відэаінфармацыю на заставу.

Як на справе працуе сігналізацыйны комплекс, даведаўся Яўген Пабалавец. Раней у гэтым будынку быў сельскі клуб. Зараз замест музычнага і светлавога абсталявання тут сучасная сістэма аховы мяжы. Цяпер на гэтым месцы стацыянарны пост тэхнічнага назірання з цеплавізарам і радыёлакацыйнай станцыяй, а таксама сігналізацыйны комплекс аховы. Пагранзастава “Глыбоцкае” абсталяваная самымі сучаснымі тэхнічнымі сродкамі.

Сігналізацыйны комплекс аховы дазваляе своечасова выявіць і ідэнтыфікаваць рухомы аб’ект на аддаленых участках (нават птушку ці пацука) і перадаць відэаінфармацыю на пагранзаставу.

Відэакамеры размешчаныя на 8-кіламетровым участку, а радыус іх дзеяння – амаль 20 кіламетраў. З дапамогай цеплавізара і радыёлакацыйнай станцыі аператар можа назіраць за участкам мяжы ў любы час сутак і па каналах сувязі перадаваць відэаінфармацыю аб парушальніках на пагранзаставу. Па трывозе група рэагавання выязджае на месца, дзе зафіксавалі невядомы аб’ект. Некалькі месяцаў сістэму правяралі ў тэставым рэжыме і яна даказала сваю эфектыўнасць.

Зараз укаранёная інтэлектуальная сістэма аховы працуе ў баявых умовах. З яе дапамогай на заставе "Глыбоцкае" толькі за некалькі апошніх дзён выяўлены два парушальнікі дзяржаўнай мяжы, якія спрабавалі транзітам з Украіны праз Беларусь трапіць у Расію. Усяго з пачатку года на пляцоўцы Гомельскай пагранічнай групы затрыманыя амаль 200 парушальнікаў.

За апошнія два гады сістэма аховы дзяржаўнай мяжы краіны істотна змянілася. Калі раней працавалі так званыя мабільныя пагранічныя групы (байцы выязджалі на ўчастак на тыдзень ці два), то зараз мяжу дапамагае ахоўваць найноўшая тэхніка. Сучаснае абсталяванне дазваляе за самы кароткі час выяўляць парушальнікаў.