Міжнародны фестываль "Студзеньскія музычныя вечары" 31 раз праходзіць у Брэсце

12 января 2019

Спевакі знакамітага італьянскага опернага тэатра Ла Скала - на беларускай сцэне! Міжнародны фестываль "Студзеньскія музычныя вечары" 31 раз праходзіць у Брэсце. У праграме чатырохдзённага форуму класічнай музыкі - як вядомыя зоркі, так і маладыя артысты-віртуозы. Сапраўднай сенсацыяй "вечароў" стаў Том Сінатра - музыкант, пляменнік таго сама шоумэна, спевака і артыста Фрэнка Сінатры. Вікторыя Патоня - пра сюрпрызы і атмасферу музычнага фестывалю.

"Студзеньскія музычныя вечары" сёлета афіцыйна далі старт шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных тысячагоддзю Брэста. І як заўсёды, форум збірае поўныя залы гледачоў. Што не дзіўна: для большасці жыхароў горада гэта ўнікальная магчымасць убачыць і пачуць знакамітых зорак класічнага мастацтва на адной сцэне.

Першы вечар - гэта гала-канцэрт, зорны россып і сюрпрызы для гледачоў! Весці фестываль класічнай музыкі запрасілі акцёра і расійскага вядучага Пятра Татарыцкага. У суправаджэнні сімфанічнага аркестра Белтелерадыёкампаніі са сцэны гучалі шэдэўры сусветнай класікі - арыі з опер Чайкоўскага, Дворжака, Вэрдзі.

Фестываль сабраў на адной сцэне і маладыя галасы Вялікага тэатра Расіі, і салістаў знакамітага на ўвесь свет міланскага опернага тэатра "Ла Скала". Сапраўднай сенсацыяй "вечароў" стаў прыезд Тома Сінатры. Пляменніка таго самага амерыканскага шоумэна і акцёра Фрэнка Сінатры. Зорка інструментальнай музыкі, які ўваходзіць у пяцёрку лепшых гітарыстаў свету, за год дае ад 30 канцэртаў. Ён пабываў у многіх краінах, але ў Беларусі ўпершыню. Фламенка і тэмпераментныя матывы лаціна ўзарвалі зал.

Том Сінатра затрымаўся ў Брэсце на некалькі дзён, каб пазнаёміцца з тысячагадовым горадам. Як трапіў на фестываль, артыст падзяліўся з журналістамі падчас прэс-канферэнцыі. Тут жа музыкант прадэманстраваў: ён не толькі віртуозна валодае інструментам, але і спявае.

Сёлета Брэст - культурная сталіца СНД. Яркі фэст класічнай музыкі гэты статус пацвярджае. У афішы форуму - оперная дзіва з Польшчы Іаана Наўрот, сімфа-духавы аркестр з Германіі, лаўрэат музычных прэмій Расіі скрыпачка Ганна Саўкіна. Усяго каля 200 удзельнікаў з дзесяці краін свету! Для гледачоў фестываль класічнай музыкі - сапраўднае свята.

Праз лічаныя гадзіны пройдзе заключны "вечар". Акрамя вядомых артыстаў з Марыінскага тэатра, упершыню на брэсцкай сцэне выступяць Кіеўскі маладзёжны камерны хор і піяністка з Японіі Наокі Абуракі. Заслону фестывалю прыспусцяць пад музыку і авацыі, але публіка яшчэ доўга будзе памятаць пра гэты калядны цуд, які ў наступным годзе абавязкова паўтарыцца.