Крычаў далучыўся да пілотнага праекта "Малы разумны горад"

9 февраля 2019

Беларусы сталі часцей карыстацца сучаснымі лічбавымі тэхналогіямі. Звярнуцца у ЖКГ праз Інтэрнэт, атрымаць электронны рэцэпт у паліклініцы і скарыстацца смартфонам замест экскурсавода - усё гэта даступна не толькі жыхарам сталіцы, абласных цэнтраў, але і глыбінкі. Крычаў  далучыўся да пілотнага праекта "Малы разумны горад".

Як гэта працуе, даведаўся Андрэй Ястрабаў. Жыхарам Крычаўскага раёна стала прасцей вырашаць жыллёва-камунальныя праблемы. Дзякуючы новай службе, якая набывае папулярнасць, дыспетчары прадпрыемстваў цяпер аб’яднаны камп’ютарнай сеткай з адзіным кол-цэнтрам на базе мясцовага водаканала і пад адзіным нумарам тэлефона 115.

Адначасова на змене - два аператары. Прымаюць званок, у спецыяльную праграму заносяць скаргу. І ў адзін клік адпраўляюць яе адпаведнай камунальнай службе. А галоўнае, такой жа праграмай карыстаецца старшыня райвыканкама. І сочыць за руплівасцю камунальных служб цяпер анлайн. Не трэба марнаваць час на нарады з кіраўнікамі аддзелаў.

Лічбавыя тэхналогіі прыйшлі і ў медыцыну. Рэкамендацыі па-ранейшаму пакуль выдаюць урачы, не робаты. Аднак электронная картка - ужо не навіна для жыхароў раёна. У планах - заказ талона на прыём праз Інтэрнэт. Дарэчы, плюсы Сусветнай сеткі ўжо ацанілі фельчары раёна. На выезды адпраўляюцца з планшэтам.

Не абышлі сучасныя тэхналогіі і галоўную турыстычную Меку Крычава - Палац Пацёмкіна. Музей, які захоўвае амаль 20 тысяч экспанатаў ад Сярэднявечча да сучаснасці. Цяпер іх дапаўняюць QR-кодамі - зручная фішка для ўладальнікаў смартфонаў. У планах - запіс аўдыёгідаў для замежных турыстаў, у марах - распрацоўка праграм дапоўненай рэальнасці. Гэта калі планшэт навесці на экспазіцыю - і на экране карцінка ажыве.

Хутка жыхары Крычава далучацца і да маштабнага рэспубліканскага праекта "Экаэнергетыка". Са сваім офісам і сайтам. У інтэрактыўным фармаце тут пачнуць выкладаць экалогію, вучыць жыхароў усёй вобласці праз зберагальныя тэхналогіі эканоміі энергарэсурсаў.