Якімі падзеямі адзначаны тыдзень у Магілёўскай вобласці

27 июля 2019

Векавы юбілей Дняпроўскай ваеннай рачной флатыліі маракі Беларусі і Расіі адзначаюць аўтапрабегам. Рэканструкцыя дзіцячай бальніцы ў Бабруйску. А студэнты і школьнікі дапамагаюць Быхаўскаму заводу ў кансервацыі агуркоў.
Якімі падзеямі адзначаны тыдзень у Магілёўскай вобласці, ведае Андрэй Ястрабаў.

Рэканструкцыя дзіцячай бальніцы ў Бабруйску перайшла на новы этап. Парушаны старыя канструкцыі, узводзяць новыя перагародкі і пракладаюць камунікацыі. Да таго ж аднаўляюць дах. На чарзе вокны і тынкоўка. З гарадскога і абласнога бюджэтаў выдаткаваны звыш 10-ці мільёнаў рублёў, каб установа прыняла пацыентаў у першай палове 2020 года. Разлічана яна будзе на 150 ложкаў, а таксама рэанімацыю. З’явіцца ліфт і сучасная тэхніка.

Амаль тры тысячы дзяўчат і юнакоў з Магілёўскай вобласці працуюць у студэнцкіх атрадах. З універсітэта харчавання і сельгасакадэміі - яны набываюць уменні нарыхтоўкі на зіму агуркоў і гарошку на Быхаўскім кансервавым заводзе. Разам са школьнікамі. 100 тысяч слоікаў плануюць тут нарыхтаваць за сезон. А гэта звыш 200 тон. Такой дапамозе рады і ніколі не адмаўляюцца. Бо гэта яшчэ і практыка для будучых спецыялістаў, а таксама вызначэнне з будучай прафесіяй.

Маракі Беларусі і Расіі адзначаюць векавы юбілей Дняпроўскай рачной ваеннай флатыліі вялікім аўтапрабегам. Старт дадзены ў Смаленску і праходзіць ён уздоўж Дняпра. Ветэранаў ваенна-марскога флоту сустракаў і Магілёў. Хвілінай маўчання яны ўшанавалі памяць герояў Вялікай Айчыннай ля Вечнага агню на плошчы Славы. І на Буйніцкім полі. Дняпроўская флатылія падчас вайны адзначылася баямі па абароне Палесся і Сталінграда. Вызваляла Беларусь і дайшла да Берліна. 20 воінаў сталі Героямі Савецкага Саюза.

Завершыцца аўтапрабег па Беларусі 28 ліпеня - у Дзень ваенна-марскога флоту вялікім гала-канцэртам.