Да восені тунэль для электрычак злучыць будучыя станцыі "Вакзальная" і "Юбілейная плошча"

30 июля 2016

Яшчэ 450! Менавіта на столькі метраў павялічыўся тунэль трэцяй веткі мінскага метро за апошнія паўгода. Будаўніцтва падземкі значна паскорылася пасля ўвядзення ў эксплуатацыю спецыяльнага механізаванага шчыта. І ўжо да восені тунэль для электрычак злучыць будучыя станцыі "Вакзальная" і "Юбілейная плошча". Паралельна работы ідуць на ўсіх чатырох станцыях. На "Кавальскай слабадзе" завяршаецца ўзвядзенне тупікоў, дзе будзе весціся тэхагляд і абслугоўванне электрычак.

Першых пасажыраў чатыры станцыі прымуць у наступным годзе. У цэлым працягласць трэцяй лініі падземкі складзе больш за 17 кіламетраў. А гэта 14 станцый, якія злучаць паўднёвыя і паўночныя жылыя кварталы сталіцы з цэнтрам.