Да навагодніх кірмашоў і выстаў-продажаў рыхтуюцца і брэсцкія рамеснікі

15 декабря 2018

Якім павінен быць навагодні падарунак? Навукоўцы высветлілі, што пазітыўныя эмоцыі выклікаюць аб’ёмныя прэзенты. Па-свойму каштоўныя сувеніры ручной работы, што называецца - адрасны эксклюзіў. Да навагодніх кірмашоў і выстаў-продажаў рыхтуюцца і брэсцкія рамеснікі. Вікторыя Патоня зазірнула ў майстэрні, дзе нараджаюцца навагоднія падарункі.

Падрыхтоўку да навагодніх святаў мастачка і рамеснік Вольга Данілюк пачынае за некалькі месяцаў. Спачатку нараджаецца ідэя, набываюцца неабходная тканіна і фурнітура, а затым ствараецца сапраўдная калекцыя навагодніх сувеніраў. Гэта паштоўкі, цацкі-ўпрыгажэнні на ёлку, ды і сам сімвал зімовых святаў. Дарэчы, сваю навагоднюю ёлку мастачка заўсёды ўпрыгожвае цацкамі ручной работы. Любоў да творчасці ў Вольгі з дзяцінства, перадалася на генетычным узроўні ад бабулі. Нягледзячы на занятасць - жанчына з’яўляецца выкладчыкам і метадыстам - яна знаходзіць час для чараўніцтва. У кожнай аўтарскай лялькі – асаблівая энергетыка і настрой. А любімы навагодні персанаж – анёл.

Традыцыя ствараць сувеніры сваімі рукамі – даўняя. Падарункі, створаныя ўласнаруч, непаўторныя, эксклюзіўныя і высока цэняцца ва ўсім свеце.

А на кухні Таццяны Мігулінай нараджаюцца сапраўдныя кулінарныя шэдэўры. Бісквіт, шакалад, фрукты ў мініяцюры. Тэрмін прыдатнасці неабмежаваны, таму што зроблены салодкія прадукты з палімернай гліны. Выглядаюць настолькі рэалістычна, што так і хочацца пакаштаваць іх на смак.

Бутафорскія апетытныя ягады і цукеркі ў жыцці Таццяны з’явіліся выпадкова, падчас дэкрэтнага водпуску. Па прафесіі яна інжынер, працуе ў лабараторыі прадпрыемства "Мастабуд" і правярае на трываласць цэглу. Жартуе, што ў будаўнічым матэрыяле не хапала колеру, вось і знайшла яго ў палімернай гліне.

Кулінарная мініяцюра ажыўляе кухонны інтэр’ер. А сама майстар параўноўвае сябе з кандытарам. У працы выкарыстоўвае прафесіянальныя інструменты кулінараў – экструдар і насадкі для аздаблення тортаў. Ды і гліняныя прысмакі запякаюцца, абавязкова тэрмічна апрацоўваюцца.

Зробленыя сваімі рукамі арыгінальныя падарункі каля паўсотні рамеснікаў Брэсцкага раёна прапануюць на пераднавагоднім кірмашы, які пройдзе ў адным з гандлёвых цэнтраў Брэста ў гэтыя і наступныя выхадныя. Кожны з удзельнікаў падрыхтаваў на "Кірмаш цудаў" непаўторныя работы, у якіх настрой і частка душы аўтара. Восьмы год запар майстры збіраюцца разам, каб не толькі прадэманстраваць сваю творчасць, але і дапамагчы дзецям.

Набліжаецца адно з самых светлых і добрых святаў, падчас якога прыемна не толькі атрымліваць падарункі, але і дарыць іх. Асабліва калі яны зроблены з цеплынёй, сваімі рукамі.