Гродзенскія ўстановы аховы здароўя перажываюць бум медыцынскага турызму

16 февраля 2019

Высокі ўзровень аказання медыцынскіх паслуг па даступных цэнах. Гродзенскія ўстановы аховы здароўя перажываюць бум медыцынскага турызму. За мінулы год у рэгіёне прайшлі курс лячэння 12 тысяч замежных грамадзян з больш як 30 краін свету. Найбольш запатрабаванымі аказаліся дыягнастычныя паслугі, хірургічныя і пластычныя аперацыі. Паспрыяў папулярнасці ў тым ліку і бязвізавы рэжым, у гэтым перакананы і Юрый Карняловіч.

Жыхар Германіі Мікалай Эннэ беларускі санаторый наведвае ўжо трэці год запар. Прызнаецца, раней адпачываў выключна на экзатычных курортах. Аднак, калі пачаліся праблемы са здароўем, прыйшлося шукаць прапановы, дзе акрамя адпачынку аказваюць і якасную медыцынскую дапамогу. Таму і абраў наш беларускі санаторый. Лячэбныя радонавыя ванны і сапрапелевыя гразі штогод прыцягваюць у Дзятлава тысячы замежных турыстаў. Экспарт медыцынскіх паслуг у санаторыі актыўна развіваецца. І спрыяе гэтаму ў тым ліку і актыўная маркетынгавая палітыка персаналу.

Разам з санаторыямі апошнім часам актыўна ў барацьбу за замежных кліентаў уключыліся і галоўныя медыцынскія ўстановы Гродзеншчыны. Напрыклад, у гродзенскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі створаны спецыяльны аддзел, які спецыялізуецца выключна на аказанні паслуг іншаземцам. Самай запатрабаванай аказалася дыягностыка на апараце МРТ. Тут першымі ў краіне ўкаранілі новы метад поўнага даследавання ўсяго цела чалавека.

А вось калегі з абласной бальніцы акцэнт робяць на аказанне хірургічнай дапамогі замежным пацыентам. Сучаснае абсталяванне, напрыклад, дазваляе праводзіць штомесяц дзясяткі самых складаных аперацый па зроку. Каб прыцягнуць медыцынскіх турыстаў, тут нават распрацавалі сістэму скідак і бонусаў для кліентаў. Абласная бальніца - лідар па экспарце медыцынскіх паслуг у рэгіёне. На некаторыя віды аперацый замежныя пацыенты запісваюцца нават за некалькі месяцаў.

Толькі за мінулы год спецыялістамі галоўнай медыцынскай установы вобласці пралечана 588 грамадзян з больш чым дзесяці краін свету. Свой уплыў на павелічэнне попыту сярод іншаземцаў на паслугі клінікі аказаў і бязвізавы рэжым. Ім скарысталіся 65 чалавек. У цэлым жа па рэгіёне экспарт медыцынскіх паслуг дасягнуў рэкордных за апошнія гады паказчыкаў. Установы аховы здароўя ў 2018 годзе зарабілі больш за мільён долараў ЗША, аказаўшы дапамогу 12 тысячам іншаземцаў.