Гран-пры міжнароднага фестывалю на Кубе заваяваў Мазырскі цэнтр цыркавога мастацтва "Арэна"

8 июля 2017

Беларусы паказалі ў Гаване нумар "Канатаходцы" і пакарылі публіку і журы.

Што ж гэта за ўнікальны нумар, даведалася Вольга Халадовіч.

Такога нумара на Востраве свабоды не бачылі з 1986 года. Таму мазырскім артыстам гледачы нацыянальнага цырка Кубы апладзіравалі стоячы. І практычна ўсе аддалі свае галасы за беларусаў.

Стомленыя пасля 12-гадзіннага пералёту, але задаволеныя, яны дома - у родным Мазыры прымаюць заслужаныя віншаванні ад кіраўніцтва горада. І, разглядаючы кубінскія фотаздымкі, зноў перажываюць тыя ж эмоцыі.

Разам з імі на арэне сваё майстэрства дэманстравалі прадстаўнікі наймацнейшых цыркавых школ Лацінскай Амерыкі, Азіі і Еўропы, у тым ліку з ЗША, Кітая, Бразіліі, Японіі, Канады, Мексікі - усяго 16-ці краін. Беларусы - аказаліся лепшымі.

"Вось ён - кубінскі Гран-пры, а гэта - прыз глядацкіх сімпатый. Праўда, на іх уласнай Алеі славы ўжо не хапае месца для ўзнагарод, цяпер тут будуць манціраваць новыя стэлажы".

Сваё выступленне на Кубе мазырскія артысты прысвяцілі Дню Незалежнасці Беларусі. Кажуць, у такое свята проста абавязаны былі перамагчы.

Апошнія рэпетыцыі і доўгачаканыя заслужаныя канікулы, каб потым пачаць займацца з новымі сіламі. Удзельнікі і кіраўнікі "Арэны" абяцаюць - свайго гледача здзівяць яшчэ не раз.