Горад з самым высокім узроўнем медыцыны

12 марта 2016

Мінск прызнаны лепшым па якасці і культуры медабслугоўвання за 2015 год. Па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу, большасць лепшых медыцынскіх устаноў маюць сталічную прапіску. У спісе самых паспяховых - 10-я гарадская клінічная бальніца, 16-я дзіцячая і другая цэнтральная паліклінікі і дзіцячая інфекцыйная бальніца горада Мінска. Надзея Сербіненка пабывала ў лепшых медустановах сталіцы.

Медыкі, якія працуюць тут, - сапраўдныя прафесіяналы. Яны дапамагаюць самым маленькім пацыентам паправіцца за максімальна кароткі тэрмін. Але ўрачам на дапамогу прыходзіць і сучаснае медабсталяванне - у бальніцы нядаўна прайшла маштабная мадэрнізацыя.

У дзіцячую інфекцыйную клінічную бальніцу прывозяць дзяцей з самымі складанымі інфекцыйнымі захворваннямі вострых форм. Экстранную дапамагу ім аказваюць у новым рэанімацыйным аддзяленні. Захаваць жыццё маленькаму пацыенту дазваляе найноўшае абсталяванне і вопыт рэаніматолагаў.

Маладая маці Юлія трапіла з сынам у клініку амаль адразу пасля родаў. Арцёму няма яшчэ і месяца. Лячэнне хлопчыка ад жаўтухі праходзіць пад пільным наглядам медыкаў.

Каб максімальна хутка ўстанавіць дыягназ, у клініцы ёсць адзіныя ў сталіцы апараты ўльтрагукавога даследавання і камп'ютарны тамограф - з магчымасцю 3D-дыягностыкі.

Гэта камп'ютарны тамограф апошняга пакалення. Ён выяўляе паталогіі органаў і сістэм максімальна хутка і з высокай дакладнасцю. Дарэчы, гэта адзіны апарат у Мінску, які дазваляе абследаваць дзяцей любога ўзросту.

Шаснаццатая гарадская дзіцячая паліклініка - таксама ў спісе лепшых. Тут самы нізкі працэнт негатыўных зваротаў насельніцтва і самая высокая ўкамплектаванасць кадрамі. На дапамогу медыкам прыходзяць і сучасныя тэхналогіі - электронная чарга і віртуальная амбулаторная картка пацыента.

Электронны рэцэпт ужо ў наступным годзе стане часткай амбулаторнай электроннай карткі. Сёння ж пластыкавую картку - своеасаблівы чып з дадзенымі – маюць пацыенты чатырох «пілотных» паліклінік Мінска. Значна спрашчае запіс і паход да ўрача электронная чарга.

Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць урачам і дзясятай клінічнай бальніцы. У абноўленым аперацыйным блоку ўдала апрабоўваюць праект «Тэлемедыцына».

А ў рэспубліканскім цэнтры гастраэнтэралогіі робяць адзіныя ў краіне дыхальныя тэсты. Такая інавацыйная дыягностыка бязбольная і дае максімальна дакладныя вынікі.

Высокія дасягненні ў галіне медыцыны - вынік пастаяннай мадэрнізацыі бальніц і паліклінік. Іх аднаўленне і будаўніцтва працягнецца. Сёлета ў Мінску з'явяцца тры паліклінікі - дзве дзіцячыя і адна дарослая – у новых мікрараёнах. Таксама пачнецца будаўніцтва корпуса адзінаццатай бальніцы і новай падстанцыі хуткай медыцынскай дапамогі. 



Зараз чытаюць