Дзіцячы аздараўленчы лагер адкрыўся ў Гарадоцкім раёне

22 июля 2017

Летні адпачынак - у маляўнічым кутку Віцебскай вобласці. Дзіцячы аздараўленчы лагер адкрыўся ў Гарадоцкім раёне. Стадыён з футбольным полем, валейбольная пляцоўка і Wi-Fi – умовы для адпачынку на сучасным узроўні.

Мая калега Марына Раманоўская правяла дзень у новым лагеры. Арцём Нямкоў усяго некалькі дзён у лагеры, але ўжо ахвотна дзеліцца ўражаннямі. Хлопец паўдзельнічаў ва ўсіх спартыўных спаборніцтвах і самае галоўнае - знайшоў сапраўдных сяброў. Наперадзе, не сумняваецца Арцём, яшчэ шмат цікавых прыгод.

Спартыўныя эстафеты, забаўныя гульні, пазнавальныя экскурсіі. Праграма разлічана на дзяцей рознага ўзросту. Адначасова новы лагер можа прыняць сто дзяцей і падлеткаў. Падчас гэтай змены большасць адпачывальнікаў - з Віцебскай вобласці. Таксама ёсць дзеці, якія прыехалі на канікулы з Расіі.

Для самых актыўных – разнастайныя спаборніцтвы. Дарэчы, на тэрыторыі лагера два палігоны для гульні ў лазертаг. Побач - і ўласны вяровачны парк - любімае месца сярод юнакоў. Яшчэ колькі крокаў - і складаная дыстанцыя пройдзена.

Дзіцячы лагер з’явіўся на месцы былой школы. Будынак поўнасцю адрамантавалі, закупілі новую мэблю. Прыемны бонус - побач сасновы бор. Дарэчы, гэты лагер - пакуль адзіны ў Гарадоцкім раёне. Яго адкрыцця чакалі даўно. І дзеці, і дарослыя.

Наступная змена ў новым лагеры - спартыўна-турыстычная. Яна пачнецца ў пачатку жніўня. Пуцёўкі на адпачынак раскупілі загадзя. У праграме - цікавыя прыгоды і абавязкова новыя знаёмствы.