Дзіцячы духавы аркестр з Камянца заваяваў высокія ўзнагароды ў міжнародных фестывалях "Белавежская зорка" і "Мы разам"

2 февраля 2019

2 Гран-пры за 2 месяцы. Дзіцячы духавы аркестр з Камянца заваяваў высокія ўзнагароды ў міжнародных фестывалях "Белавежская зорка" і "Мы разам". Калектыў працуе пры школе мастацтваў, а колькасць удзельнікаў аркестра за апошнія гады павялічылася амаль удвая.

Вікторыя Патоня пабывала на адной з рэпетыцый музыкантаў і даведалася, да якіх конкурсаў яны рыхтуюцца цяпер. Нават звычайную рэпетыцыю дзіцячы духавы аркестр ператварае ў шоу. Адным толькі гучаннем музыкі сёння гледача не зацікавіш. Так лічыць дырыжор калектыву Алег Долмат, які двойчы за нядзелю прыязджае з Брэста і праводзіць заняткі з музыкантамі. Калектыў не проста выконвае кампазіцыю па нотах, а ставіць нумары.

Рэпетыцыі дзіцячага духавога аркестра праходзяць у асобным будынку. Гэта вельмі важна, таму што музыканты не перашкаджаюць іншым выхаванцам школы мастацтваў. Для больш камфортных умоў тут адрамантавалі класы, а для лепшага гучання набылі новыя музычныя інструменты.

У аркестры займаюцца вучні духавога аддзялення школы мастацтваў з 9-гадовага ўзросту. Зараз у калектыве амаль 30 чалавек, сярод іх дарослыя - ілюстратары, якія і задаюць тон выступленням. З прыходам новага кіраўніка аркестр загучаў па-новаму. Як вынік - адразу два Гран-пры ў міжнародных фестывалях "Белавежская зорка" і "Мы разам". Калектыў выйграў сертыфікат на паездку ў Балгарыю, дзе ў чэрвені пройдзе Міжнародны кубак мастацтваў. У аркестры дамінуюць труба, саксафон і кларнет. Прысутнічаюць барабаны і гітары.

У рэпертуары музыкантаў больш за 20 кампазіцый: ад маршаў да лацінаамерыканскіх матываў і папуры. "Белыя ружы", Besame mucho, музыка Эдуарда Арцемьева з кінафільма "Свой сярод чужых". Зараз развучваюць кампазіцыі гурта Queen Фрэдзі Мерк’юры. На думку дырыжора Алега Долмата, заняткі ў аркестры дапамагаюць дзецям спазнаць, што такое сцэна, і раскрыцца.

Дзіцячыя духавыя аркестры - распаўсюджаная практыка. Толькі ў Брэсцкім рэгіёне такіх калектываў больш за 10. Самых моцных адбіраюць у больш прафесійныя аркестры ці калектывы, каб яны маглі вучыцца і працягваць любімую справу.

У гэтым годзе Камянецкі дзіцячы духавы аркестр плануе працаваць не менш плённа, каб атрымаць званне ўзорнага і адправіцца на фестываль маладзёжных духавых аркестраў у Кракаў.