Дайджэст падзей

7 мая 2016

Ад Жлобіна ў Гомель на электрацягніку, веласіпед у Гродне можна ўзяць у адным месцы, а пакінуць у другім, а сталіца запрашае на міжнародны форум вулічных тэатраў. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

Першы электрацягнік адправіўся з чыгуначнага вакзала Гомеля ў Жлобін. Тры разы на дзень ён будзе дастаўляць пасажыраў у райцэнтр. Ад Жлобіна да Гомеля - сто кіламетраў. Гэты напрамак дастаткова запатрабаваны. У цёплы перыяд года чыгуначным транспартам актыўна карыстаюцца дачнікі. Што да швейцарскіх электрацягнікоў "Штадлер", то іх з'яўленне чакаецца ўлетку. Яны будуць курсіраваць па маршруце Гомель - Мінск.

У Гродне адкрылі першы велапракат, дзе можна ўзяць двухколавы транспарт у адным месцы, а пакінуць у другім. Пакуль сетка налічвае 4 пункты, дзе размешчана каля 40 веласіпедаў. Ужо да лета парк экалагічнага транспарту пашыраць да сотні мадэляў. Таксама распрацаваны маршрут па гістарычных месцах горада. Ахвотнікі разам з гідам могуць праехацца па галоўных славутасцях каралеўскага Гродна.

Інтэрактыўныя, анімацыйныя і эксперыментальныя - міжнародны форум вулічных тэатраў праходзіць у Мінску. Карнавальнае шэсце хадулістаў, жанглёраў і мімаў аб'яднала паўтары сотні акцёраў. Сярод іх - тэатры Санкт-Пецярбурга, Вроцлава і Берліна. Дарэчы, з гэтых выхадных да канца лета Верхні горад кожны ўік-энд ператвараецца ў адкрытую арт-пляцоўку і свабодную зону ад машын. Новы музычна-турыстычны сезон парадуе мінчан і гасцей сталіцы джазавымі вечарамі, стрыт-перформансамі і творчымі майстар-класамі.