Дайджэст падзей

10 декабря 2016

У якасці фарбы – шакалад, кава і віно! У Мінску з’явіўся пернікавы домік, а ў Гродне прайшоў фестываль настольных гульняў. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

Кава, шакалад і віно замест фарбаў. Магілёўскі мастак-партрэтыст Мірон Шчудло стварыў незвычайную калекцыю карцін. У аўтара больш за 100 арыгінальных твораў. Напрыклад, партрэт сваёй маці мастак напісаў пры дапамозе кавы і шакаладу. Ёсць цэлая серыя партрэтаў, якія намаляваны чырвоным віном. Для атрымання цёмных і светлых таноў мастак дае віну адстаяцца. Ніжні пласт дазваляе атрымаць цёмна-фіялетавы колер. Палатном для карцін служыць поліэфірнае валакно. На такім матэрыяле, дзеліцца мастак, пісаць віном, кавай і шакаладам лепш за ўсё.

 

Пернікавы домік з'явіўся ў парку імя Максіма Горкага. Тут у невялікім кафэ маленькія аматары святочных ласункаў асвойваюць мастацкую кулінарную лепку. Імбірнае цеста юныя кандытары пераўтвараюць у фігуркі пернікавых чалавечкаў, святочныя дрэвы і іншыя салодкія калядныя сімвалы. Акрамя таго, кафэ будзе пераўтварацца і ў акадэмію малявання: прафесійныя мастакі дадуць урокі пачаткоўцам, як стварыць першую ўласную карціну.

 

Прэзентацыі і тэсціраванне новых настольных гульняў. Турніры, спаборніцтвы і падарункі. Такой уяўляецца арганізацыя вольнага часу некалькім сотням людзей розных прафесій і ўзросту, якія трэці раз сабраліся на фестывалі ў Гродне. За два дні дзеці, падлеткі і дарослыя згулялі ў больш як трыста гульняў: адукацыйныя, на логіку, тактыку, па ролях і з мініяцюрамі. Самымі папулярнымі сталі забавы, створаныя паводле фільмаў і камп’ютарных гульняў.

 



Зараз чытаюць