Дайджэст культурны

5 августа 2017

Музычная спадчына Шастаковіча – на Нарачы, творы ад сям'і Аракчэевых і рыцарскія баталіі – у старажытным Мсціславе. Падрабязнасці ў нашым культурным дайджэсце.

Больш за сто ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі і Украіны аб’яднаў у паўночным рэгіёне праваслаўны фестываль "Адзігітрыя". У праграме міжнароднага форуму - пазнавальныя майстар-класы, сустрэчы, конкурсы вакалістаў і паэтаў.

Кульмінацыяй свята стаў вялікі гала-канцэрт у Летнім амфітэатры. А прыгожым завяршэннем міжнароднага свята - хрэсны ход з Віцебска да Смаленска.

Сумесны беларуска-французскі праект, прысвечаны 111-годдзю з дня нараджэння кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча, адбыўся ў касцёле святога апостала Андрэя ў вёсцы Нарач. Спецыяльна для гэтага канцэрта быў запрошаны – габаіст з Парыжа Жэром Гішар.

Сёлета вёска Нарач працягвае новую традыцыю, але ёсць ідэя зрабіць на мядзельскай зямлі цэлы фестываль не толькі з музыкантамі, але і мастакамі.

"Шчасце быць разам" - выставачны праект пад такой назвай адкрыўся ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры". Гэта паказ твораў жывапісу, графікі і акварэлі заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Аракчэева і яго дачкі Аксаны. Многія работы мастака экспануюцца ўпершыню. Барыс Аракчэеў пакінуў пасля сябе багатую спадчыну жывапісных работ, якія сталі часткай беларускай мастацкай школы. Унікальныя па каларыце і тэхніцы акварэлі, напісаныя ў 50-70-я гады. Малодшая дачка Аксана Аракчэева прадстаўляе на выставе серыю партрэтаў знакамітых дзеячаў.

Упершыню на экспазіцыі прадстаўленая новая серыя пастэльных пейзажаў Аксаны Аракчэевай. Працы прысвечаны Мядзельскаму раёну.

Сучасны авангард і класічны пейзаж. Выставу пад назвай "Грані рэальнасці" арганізавалі адразу тры мастакі-аднакурснікі з Мінска і Магілёва: Уладзімір Макараў, Міхаіл Максімаў і Дзмітрый Пухоўскі. Праз 30 гадоў яны сабраліся зноў і прапанавалі свае творы: пейзажы родных мясцін і абстракцыю з элементамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Атрымалася яркая экспазіцыя, прысвечаная апошняму месяцу лета.

Старажытны Мсціслаў дзясяты раз прымае "Рыцарскі фэст". Сабраліся лепшыя музычныя, танцавальныя, тэатральныя калектывы і народныя майстры. Чакаюць на свята і каля 300 воінаў з рыцарскіх і клубаў гістарычнай рэканструкцыі Беларусі і Расіі. Турніры, баталіі лучнікаў і нават штурм замка. У праграме таксама майстар-класы па старажытных танцах, канцэрты фолк-гуртоў, экскурсія па старым горадзе і частаванне прысмакаў.



Зараз чытаюць