Дайджэст культурных падзей

4 марта 2017

Сумесны канцэрт магілёўскага аркестра і венесуэльскага дырыжора, майстар-клас ад пераможцы “Еўрабачання” Аляксандра Рыбака - у Гомелі, і мода з акцэнтам на экалагічнасць. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

Вынік плённага сяброўства, якому не адзін год. Веснавы музычны падарунак жыхарам Магілёва зрабілі вядомы венесуэльскі дырыжор Херарда Эстрада і сімфанічны аркестр Магілёўскай гарадской капэлы. У сакавіцкім сумесным канцэрце прагучалі творы знакамітых кампазітараў - “Акадэмічная ўрачыстая ўверцюра” адметнага нямецкага кампазітара-рамантыка Іаганеса Брамса, творы бразільскага класіка Эйтора Віла-Лобаса, і знакамітая Пятая сімфонія Бетховена.

Майстар-клас ад пераможцы “Еўрабачання”. Аляксандр Рыбак сустрэўся з юнымі скрыпачамі ў Гомелі. Выслухаць прафесійныя парады і прадэманстраваць свае здольнасці прыйшлі навучэнцы амаль з усіх музычных школ горада, ва ўзросце ад чатырох да чатырнаццаці гадоў. І, канешне, разам з Аляксандрам Рыбаком дзеці выканалі кампазіцыю, якая прынесла нашаму земляку перамогу ў міжнародным конкурсе ў 2009 годзе.

Не бальнымі адзінымі. У Беларусі набіраюць папулярнасць ірландскія танцы. Толькі ў Мінску працуюць больш за 7 адпаведных танцавальных школ. Іх выхаванцы вучацца сольным, групавым танцам, традыцыйнаму ірландскаму стэпу. Ужо сфарміравалася і група танцораў-прафесіяналаў, якія дэманструюць сваё майстэрства на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.

Мода з акцэнтам на практычнасць і экалагічнасць... Новую калекцыю адзення з натуральных тканін «Дрэва жыцця» прадэманстравала ў Нацыянальным гістарычным музеі беларускі дызайнер Надзея Хімдзіят. Усе сукенкі зроблены з лёну, бавоўны, шэрсці, скуры і футры. Аўтар выкарыстоўвае ажурнае вязанне, роспіс па тканіне ў тэхніцы батык, вышыўку беларускіх арнаментаў.

Праект «Дрэва жыцця» дапаўняе фотавернісаж, дзе з нагоды вясенніх свят паказаны жаночыя вобразы. Прадстаўніцы розных творчых прафесій - балерыны, пісьменніцы, тэлевядучыя... Сярод іх і мая калега - Ларыса Гулякевіч.