Дайджэст культурных навін

17 марта 2018

Прыродныя ландшафты - каляровымі фарбамі. Свой аўтарскі стыль пейзажу прадэманстраваў Павел Масленікаў - прадстаўнік вядомай дынастыі беларускіх мастакоў. На яго палотнах застывае зіма, а хвалі вады быццам бы зараз апырскаюць... Настолькі рэалістычныя сюжэты. Сярод любімых - лагойскія горы, разліў на Бярэзіне ў Барысаве. Прычым піша не толькі беларускія мясціны, алеем занатаваўе ўзбярэжжа Харватыі і Чарнагорыі.

Пейзажамі маладога Масленікава можна натхніцца ў сталічнай мастацкай галерэі "БелАрт" да канца тыдня. Там прадэманстраваны амаль тры дзясяткі палотнаў.

Подых вясны ў стылі мінімалізму. Вітрыны сталічных універмагаў набылі новы вобраз. За шклом на фоне ўзораў квітнеюць рознакаляровыя букеты і пераліваюцца марскія глыбіні. Вясновыя сюжэты дапаўняюць надпісы на розных мовах. Упрыгожваюць вітрыны пераважна яркія колеры – фіялетавы, жоўты і блакітны. Дарэчы, мастакі ў гэтым сезоне выбралі даволі лаканічны стыль і мінімум дэталяў.

Акцэнт робяць і на рухомыя элементы. Так, у вітрынах «ажываюць» лялькі-марыянеткі і рознакаляровыя фігуры ў тэхніцы арыгамі.

А ў Мінску зараз можна пачуць рытмы барабанаў і партугальскую мову. У сталіцы праводзяць заняткі па капаэйры. Бразільскае баявое мастацтва з элементамі танца, акрабатыкі і гульні асвойваюць у сталічнай школе. Самыя эфектныя прыёмы - гэта «хвост ската» і «паўмесяц».

Асноўныя прыёмы бою раскрылі гасцям падчас дня адкрытых дзвярэй. У Мінску такая школа існуе 14 гадоў.