Брэст. Комплекс па перапрацоўцы смецця

8 октября 2016

На шляху да “зялёнай” эканомікі. Комплекс па перапрацоўцы драўляных адходаў у біяпаліва адкрылі ў Брэсце. Спецыяльная драбільная ўстаноўка будзе перапрацоўваць часткі дрэў, пні і нават старую мэблю. Падрабязнасці – у Алега Завадскага.

Пытанне перапрацоўкі і ўтылізацыі драўляных адходаў у горадзе над Бугам востра стаяла больш як 10 гадоў. Вялікія выкарчаваныя пні, старая мэбля і аконныя рамы. Раней усё гэта вывозілі на палігоны разам з цвёрдым камунальным смеццем. Утрыманне такіх звалак патрабавала фінансавых выдаткаў. Эканамічна-выгаднае прымяненне “некандыцыі” знайшлі. Новы комплекс з драбільнай устаноўкай дазволіць перапрацоўваць драўніну і атрымліваць з яе біяпаліва.

Фінансавую дапамогу аказаў Еўрасаюз па праграме развіцця ААН. Кошт праекта - звыш 600 тысяч еўра. Нацыянальны выканаўца - Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

Раней гэтыя часткі дрэў і пні проста гнілі на вуліцы. Зараз іх будуць перапрацоўваць у біяпаліва. Карысць атрымае не толькі навакольнае асяроддзе, але і эканоміка горада.

Спецыяльны комплекс па драбленні драўніны знаходзіцца на базе прадпрыемства “Камунальнік”. Магутнасці ўстаноўкі хопіць, каб штогод утылізаваць 50 тысяч кубаметраў адходаў. Машыне пад сілу справіцца са самым тоўстым дрэвам. У лічаныя секунды яно ператвараецца ў шчэпкі.

Атрыманыя на выхадзе шчэпкі ўжо гатовы купляць прадпрыемствы гарадской кацельнай гаспадаркі. Стварэнне комплексу па перапрацоўцы драўляных адходаў у біяпаліва - адзін з 23-х праектаў па пераходзе Беларусі да "зялёнай" эканомікі. 



Зараз чытаюць