Беларускі інжынер навучыўся здабываць чорнае золата са старых і непатрэбных рэчаў

3 сентября 2016

Усяго за месяц Віталь Шаблоў сабраў інавацыйную ўстаноўку, якая з пластыку, гумы і іншых сінтэтычных матэрыялаў аддзяляе нафтавыя малекулы і ператварае іх у высакаякаснае паліва. Пры гэтым працуе машына на газе, які таксама выдзяляецца пры перапрацоўцы смецця. Рэпартаж Яна Пашкевіча.

Ператварэнне смецця ў паліва - яшчэ адна фантастычная ідэя з папулярнай стужкі Роберта Земекіса "Назад у будучыню" - перастала быць аўтарскім вымыслам.

Знакамітую кінавынаходку ў сваёй лабараторыі пад Мінскам увасобіў у жыццё сталічны інжынер Віталь Шаблоў.

Для "алхімічнага" эксперыменту па ператварэнні смецця ў чорнае золата вынаходнік за месяц сабраў з падручных сродкаў міні-нафтазавод. У вакуумным катле пластык, гума і нават машыннае масла пад дзеяннем высокіх тэмператур распадаюцца на малекулы, якія ў выглядзе пары праходзяць праз фільтры, астуджаюцца і вяртаюцца ў першапачатковы стан - вадкую сінтэтычную нафту.

Гэта своеасаблівы кактэйль, які можна раскласці на газу, бензін, дызель. Але і ў такім выглядзе паліва ўжо можна выкарыстоўваць - замест прыроднага газу для ацяплення дамоў. Сваю жыццядзейнасць устаноўка забяспечвае самастойна - падчас перапрацоўкі са смецця выдзяляецца піролізны газ, які падтрымлівае тэмпературу, неабходную для працы машыны.

Устаноўка па здабычы нафты з сінтэтычных вырабаў ужо прывабіла ўвагу кампаній з Беларусі, Польшчы, Літвы, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і Расіі. Зараз жа Віталь стварае больш масштабную копію "нафтавыціскалкі" - па памерах яна будзе не большая за прычэп цяжкагруза і зможа перапрацоўваць да 5-ці тон смецця за дзень. А атрыманай гаручай сумесі хопіць, каб нават у маразы на тыдзень забяспечыць цяплом дзясятак прыватных дамоў.