Беларускія ноу-хау выклікалі цікавасць у Рэспублікі Карэя

12 ноября 2016

Беларускія ноу-хау выклікалі цікавасць яшчэ адной азіяцкай краіны - Рэспублікі Карэя. Прадстаўнікі нацыянальнага даследчага фонду Карэі пазнаёміліся з распрацоўкамі рэзідэнтаў мінскага стартап-інкубатара. Асабліва замежныя госці ацанілі інжынірынгавы цэнтр і адзіны ў свеце троххвалевы біялазер - сучасная тэхніка лечыць захворванні сасудаў, а таксама выконвае розныя аперацыі.

Уладзімір Давідовіч, дырэктар Мінскага гарадскога тэхнапарка:

"Гэта краіна тэхнічна развітая, таму вельмі добра будзе наладзіць з імі кантакты. Я думаю, што ўсё атрымаецца, таму што менавіта карэйцы ініцыявалі свой прыезд сюды. Яшчэ тыдзень таму мы нават не ведалі, што яны да нас збіраюцца. Насамрэч вельмі часта прыязджаюць госці з-за мяжы, гэта нашы партнёры з Рыгі, з Сербіі, Германіі. Вельмі жывая цікавасць з Кітая. Іх цікавіць, як прыклад, гэта спадар Лабанеўскі са сваім біялазерам троххвалевым".

40 % прадукцыі сталічны тэхнапарк пастаўляе за мяжу. Да канца года плошча бізнес-інкубатара павялічыцца. Дадаткова размесцяцца звыш 30 новых кампаній.