Беларускія хірургі ўпершыню правялі аперацыі з выкарыстаннем 3D-мадэлі сэрца

18 марта 2017

Сенсацыя ў беларускай медыцыне. Упершыню нашы хірургі правялі аперацыі з выкарыстаннем 3D-мадэлі сэрца. Гэта дакладны прататып органа чалавека. Для поўнага падабенства пацыентам правялі камп’ютарную тамаграфію, гэта дазволіла стварыць на 3Д-прынтары індывідуальную мадэль. Раздрукаваны орган дапамог урачам планаваць умяшанне, поўнасцю першапачаткова аперыравалі мадэль, а потым ужо сэрца пацыента. Тэхналогія паспяхова прыменена на двух хворых.

Уладзімір Андрушчук, кардыяхірург РНПЦ "Кардыялогія": "Сама аперацыя выконваецца праз аорту, праз вось гэтую даволі вузкую адтуліну. Праз гэтую адтуліну трэба выразаць пэўны аб'ём мышцы. Гэта праводзіцца ва ўмовах абмежаванай бачнасці і часта з вялікай доляй інтуіцыі хірурга".

Яўген Лясота, кіраўнік напрамку прадстаўніцтва сусветнага лідара 3D-друку ў Беларусі: "Звычайна да нас звяртаюцца, калі трэба адрамантаваць нейкую частку механізма, шасцярэньку, каб ён потым працаваў. У дадзеным выпадку мы адрамантавалі самы галоўны механізм у чалавеку - гэта сэрца".

Дарэчы, аперацыямі на дарослым сэрцы медыкі вырашылі не абмяжоўвацца. Не выключана, што ў нашай краіне такім спосабам пачнуць лячыць і дзяцей. Асабліва актуальна гэта для нованароджаных з парокамі сэрца з незвычайнай анатоміяй. Акрамя таго, 3Д-тэхналогіі плануюць выкарыстоўваць пры аперацыі на дзіцячым мозгу.