Аграгарадок Моталь на Палессі славіцца гастранамічным фестывалем, кушнярамі і каўбасамі

18 марта 2017

Традыцыйна тут займаюцца і вырошчваннем бульбы - нашага нацыянальнага прадукту. А цяпер запусцілі лінію па яе фасоўцы ў вакуумную ўпакоўку. Наперадзе - адкрыццё сучаснай цяпліцы, дзе плануюць атрымліваць карняплоды высокай ураджайнасці. Падрабязнасці - у Вікторыі Патоні.

Тут наладзілі ўвесь цыкл вытворчасці: ад кланіравання ў прабірцы да захоўвання і перапрацоўкі. Па праграме развіцця бульбаводства побач з мерыстэмнай лабараторыяй узвялі сучасную цяпліцу на 22 соткі. Ужо ў красавіку ў штучных умовах у ёй пачнуць вырошчваць каля 70 тысяч раслін, каб атрымаць насенне бульбы высокай ураджайнасці. Паводле слоў спецыялістаў, у кліматычных умовах Беларусі гэты працэс няпросты.

Валерый Стасевіч, галоўны аграном: ААТ "Агра-Моталь": "Увесь выраблены прабірачны матэрыял будзе высаджаны ў гэтай цяпліцы. І атрымана першае клубневае пакаленне, гэта значыць, насенне, максімальна абароненае ад знешняга асяроддзя, ад розных вірусаў, якія ёсць у знешнім асяроддзі. Для таго каб атрымаць якаснае насенне".

Эдуард Алесік, намеснік дырэктара ААТ "Агра-Моталь": "Зразумела, тут з'явяцца дадатковыя працоўныя месцы. Гэта ў межах 15 працоўных месцаў. Акрамя тых, якія ўжо маюцца ў мерыстэмнай лабараторыі. Я мяркую, што будзе праграміст, які павінен сачыць за цыклам працы гэтых сістэм. Гэта значыць, і вентыляцыя, і паліў, і іншыя ўласцівасці, якія неабходныя для цяпліцы, гэта ўсё будзе прадугледжана".

Летась прадпрыемства сабрала багаты ўраджай - звыш 18 тысяч тон бульбы. Львіная доля ідзе на экспарт. У Расію, Малдову, Азербайджан.

На прадпрыемстве вырошчваюць каля 10 сартоў бульбы, у тым ліку элітнай. Чатыры гады таму пайшлі на своеасаблівы эксперымент: упершыню ў краіне вырасцілі насенне бульбы, з якой вырабляюць чыпсы. Тэхналогія складаная, але тут яе паспяхова асвоілі.

Паводле слоў кіраўніка гаспадаркі, на беларускім рынку бульбаводам цеснавата. Неабходна шукаць новыя нішы.

Вячаслаў Каштальян, дырэктар ААТ "Агра-Моталь": "У нас вельмі вялікія выдаткі ідуць на насенне. Купляем у асноўным галандскае і нямецкае. І выкарыстоўваем беларускія два гатункі - "Брыз" і "Скарб". Астатняе прыходзіцца купляць. Уклад у тэхніку, у абсталяванне - гэта ўклад у будучыню. І мы бачым тое, што будзе прасіць рынак праз некалькі гадоў. Час скляпоў і мяшкоў сыходзіць".

Так з’явілася лінія па вытворчасці агароднінных паўфабрыкатаў. Разумная машына сама мые і абірае карняплоды. Тут жа прадукт фасуецца ў вакуумную ўпакоўку. Пакуль жа ён паступае на прылаўкі магазінаў і ў рэстараны рэгіёна.

У планах прадпрыемства - дадаткова ўстанавіць лінію наразання і шокавага замарожвання паўфабрыкатаў з гародніны, сур’ёзна займацца пасадачным матэрыялам. У прыярытэце - вывесці бульбаводства на якасна новы ўзровень.