120 аб’ектаў нерухомасці выстаўлены на таргі ў Брэсцкай вобласці

10 декабря 2016

Прадпрымальнікі могуць набыць іх усяго за адну базавую для арганізацыі вытворчай дзейнасці, гандлю, аказання паслуг, а фізічныя асобы - на ўмовах рэканструкцыі нерухомай маёмасці пад жылое памяшканне альбо для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.

Пра новае жыццё закінутых аб’ектаў – у матэрыяле Ірыны Нікіцінай. Новы выгляд будынак былога вучэбна-вытворчага камбіната ў Мілавідах набыў у 2015 годзе. Пасля 30 гадоў запусцення тут зрабілі неабходны рамонт, закупілі абсталяванне. Цяпер разводзяць экзатычную рыбу.

У планах фермераў частку будынка задзейнічаць пад швейную вытворчасць. На працу запрасіць жыхароў суседніх вёсак. Днямі вызначыўся лёс і былой кацельні ў вёсцы Стайкі. З малатка памяшканне пайшло за 1 базавую велічыню - 21 рубель. Па ўмовах аўкцыёну,  Віктару Гінцэвічу - адзінаму заяўніку - прыйшлося даплаціць усяго 5 % ад кошту аб’екта.

Размахнуцца цяпер можна будзе і фермеру з Пінскага раёна. Былы сельскі клуб побач з фермай таксама набыў на аўкцыёне. У планах задзейнічаць яго пад падсобныя памяшканні.

Амаль палова аб’ектаў дзяржмаёмасці Брэсцкай вобласці прадаецца за адну базавую велічыню. Як правіла, гэта былыя сельскія клубы, кацельні, старыя лазні. Частка прадаецца са зніжэннем першапачатковай цаны на 80 %. І толькі амаль 15 % ад агульнай колькасці лотаў - за поўны кошт. Але прыбытак ад продажу – не самамэта.

Ад продажу дзяржаўнай маёмасці ў бюджэт вобласці сёлета паступілі больш за 4 з паловай мільёны рублёў.

Свайго гаспадара не першы дзясятак гадоў чакае і гарадская воданапорная вежа. Ідэі стварыць тут музей вады, рэстаран  так і не былі ўвасоблены ў жыццё. Па сённяшні дзень інжынернае збудаванне - толькі помнік прамысловай рэвалюцыі мінулага стагоддзя.

Лот разыграюць на заключным аўкцыёне года. Пачатковая цана - 36 тысяч рублёў.