Нарыхтоўка кармоў першага ўраджаю сёлета завершыцца ранней за тэрмін

28 мая 2019

Працаваць паскоранымі тэмпамі дазваляе ўмеранае надвор'е. Аграрыі Мінскай вобласці зараз косяць шматгадовыя травы: люцэрну і канюшыну. Яны багатыя на бялок, таму самыя карысныя для жывёлы. 

Плошча першага ўкосу - звыш мільёна гектараў. Галоўнае - правільна яе апрацаваць. Аб тэхналогіях палявых работ даведалася  Юлія Токар.

Каб працаваць без замінак, кожны механізатар да пачатку ўкосу траў правярае тэхнічны стан свайго камбайна. І вось ужо другі тыдзень запар Аляксандр Лаўрэцкі ў тандэме з падвозчыкам гектар за гектарам апрацоўваюць зямлю. 

Скасіць шматгадовыя травы на палях гаспадаркі "Шыпяны" спяшаюцца. Але ж і пра якасць клапоцяцца. Плошчы з люцэрнай і канюшынай, багатых на бялок, для дзвюх малочна-таварных ферм і комплексу на тысячу галоў дойнага статку  важна апрацаваць па тэхналогіі.

З першага ўкосу траў тут плануюць нарыхтаваць восем тысяч тон сенажу. Пажыўны корм звозяць вось у гэтыя траншэі. Узровень вільгаці ў кожнай  партыі  правярае галоўны заатэхнік Аляксандр Букетаў. 

Для большай прадукцыйнасці палявую методыку ўдасканальваюць кожны сезон.

Сёлета першы ўкос траў у Мінскай вобласці пачаўся раней. Умераныя тэмпературы і кароткачасовыя дажджы дазволілі працаваць без асаблівых перапынкаў. Аграрыі ведаюць, малочныя рэкі бяруць вытокі з палёў, таму ўжо сёння плануюць і другі этап нарыхтоўкі кармоў.