У Ціндаа беларуская дэлегацыя падпісала кантракты на агульную суму амаль 700 мільёнаў долараў

8 июня 2018

У кітайскім Ціндаа напярэдадні саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва беларуская дэлегацыя ўжо падпісала кантракты і пагадненні на агульную суму амаль 700 мільёнаў долараў.

У прыватнасці, складзена пагадненне, якое прадугледжвае арганізацыю ў Беларусі зборачнай вытворчасці - 30 тысяч электрамабіляў. Таксама замацавана супрацоўніцтва ў сферы медыцынскага абсталявання і паставак у Кітай сухога малака і мяса птушкі. Падпісаныя пагадненні сталі заканамерным вынікам выканання даручэнняў Кіраўніка дзяржавы па развіцці ў Беларусі сферы электрамабілебудавання, а таксама выхаду нашай сельгаспрадукцыі на кітайскі рынак.

Нагадаем, сёння Прэзідэнт Беларусі накіраваўся з рабочым візітам у Кітай для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Паводле інфармацыі прэс-службы Прэзідэнта, на саміце Аляксандр Лукашэнка прадставіць пазіцыю і прапановы Беларусі наконт развіцця гэтай арганізацыі, рэалізацыі новых кірункаў супрацоўніцтва паміж краінамі-членамі.

Таксама на парадку дня ўмацаванне бяспекі ў Еўразійскім рэгіёне. Акрамя таго, беларускі лідар правядзе шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі дзяржаў - удзельнікаў саміту. Сярод іх перамовы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Асноўная ўвага на сустрэчы будзе нададзена ўмацаванню супрацоўніцтва ў палітычнай сферы, рэалізацыі наяўных і прапрацоўцы новых праектаў, паглыбленню міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва - найбуйнейшая інтэграцыя, якая аб'ядноўвае 8 дзяржаў - гэта Расія, Кітай, Індыя, Казахстан, Пакістан, Кыргызстан, Таджыкістан і Узбекістан. Беларусь атрымала статус назіральніка ў аб'яднанні ў ліпені 2015 года. Такія ж магчымасці адкрытыя перад Афганістанам, Іранам і Манголіяй. Яшчэ 6 дзяржаў працуюць у арганізацыі ў якасці партнёраў па дыялогу. У цэлым жа тэрыторыя краін, што ўваходзяць у арганізацыю, складае 60 % тэрыторыі Еўразіі. А агульная колькасць насельніцтва прыраўноўваецца да паловы насельніцтва планеты. Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва не з'яўляецца ваенным блокам, а паслядоўна выступае за ўмацаванне стабільнасці, бяспекі і развіццё эканамічнага супрацоўніцтва.