У рамках ЕАЭС дзейнічае больш за 10 мер абароны ўнутранага рынку ад засілля імпарту

19 октября 2015

Сёння ў МЗС Беларусі гавораць аб абароне ўнутранага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза перш за ўсё ад прадукцыі імпартнай вытворчасці, аналагі якой выпускаюцца ў краінах ЕАЭС. Удзел у семінары прымаюць дыпламаты, кіраўнікі міністэрстваў, канцэрнаў, а таксама айчынныя вытворцы і экспарцёры. Якія меры плануецца прыняць - ведае наш карэспандэнт Святлана Лук'янюк.

Сёння ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза дзейнічае больш за 10 мер абароны ўнутранага рынку ад засілля імпарту. Гаворка ідзе аб тых таварах, якія вырабляюцца ў дзяржавах ЕАЭС. На замежную аналагічную прадукцыю, якая ўвозіцца, устанаўліваюцца пэўныя квоты. Як раз пра гэта гаварылі сёння на семінары ў Міністэрстве замежных спраў.

Тэма гэта для краін саюза не новая. Раней кожны сам мог падтрымаць сваю вытворчасць. Сёння гэта робяць разам у рамках інтэграцыйнага аб'яднання. На рынку ЕАЭС гандлюем і купляем свабодна, а вось з трэціх краін - па ліміце. Прадпрыемствам варта ўлічваць сённяшнія рэаліі.

Раман Собалеў, дырэктар Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Беларусі: "Год ад года ўзровень тарыфнай абароны зніжаецца. Гэта і ў сувязі з выкананнем РФ сваіх абавязацельстваў перад СГА. Трэба будзе зніжаць тарыфы ў некаторай ступені ў сувязі з уступленнем у наша аб'яднанне Арменіі і Кыргызстана. І вось прытым зніжэнне ўзроўню тарыфнай абароны. Беларускія вытворцы павінны добра арыентавацца ў новых рэаліях сітуацыі".

На семінары антыдэмпінгавыя меры называюць сусветнай практыкай і адзначаюць, яны не разыходзяцца з прынцыпамі працы СГА. Такія гандлёвыя бар'еры выстаўляюць і нашым вытворцам ЗША, краіны Еўрасаюза, Кітай, Індыя, на некалькі гадоў вызначаючы квоту на пастаўку, напрыклад, прадукцыі хімпрама. Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні спісу ахоўных мер па тым жа машынабудаванні, дрэваапрацоўцы, тэкстылі. Як гэта было зроблена з камбайнамі.

Дарыя Бакытбекызы, намеснік дырэктара Дэпартамента абароны ўнутранага рынку - начальнік аддзела метадалогіі ЕЭК: "Некаторы час назад імпартныя камбайны са ЗША, ЕС, якія паступалі да нас у даволі вялікіх аб'ёмах, не дазвалялі нашым вытворцам, вытворцам камбайнаў, рэалізаваць свой тавар у нас на рынку. Адпаведна мы ўвялі абмежаванні. Зараз камбайны з трэціх краін пастаўляюцца толькі ў рамках квоты. І мера была прынятая на 3 гады. На працягу гэтых 3 гадоў мы дазваляем нашым вытворцам адаптавацца да новых умоў".

Да канца года ахоўны механізм, як чакаюць у ЕАЭС, пачне працаваць па бульдозерах і шынах. Але гэты спіс будзе пашырацца. Вытворцы Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі і Кыргызстана гатовыя да абароны свайго агульнага рынку. Размову, пачатую ў Мінску, у найбліжэйшы час прадоўжаць у Казахстане. Там пройдзе аналагічны семінар.