У Пакістане ўжо два дні працуе прадстаўнічая беларуская дэлегацыя

4 октября 2016

Да таго моманту, калі першы борт прызямліцца ў аэрапорце Ісламабада, эканамічны плацдарм візіту будзе дасканала падрыхтаваны. У Пакістане ўжо два дні працуе прадстаўнічая беларуская дэлегацыя. Толькі віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка напярэдадні правёў 5 двухбаковых сустрэч у Кабінеце міністраў гэтай краіны. І вось адна з ключавых дамоўленасцяў - урад Пакістана мае намер субсідаваць аграрыяў для закупу беларускай тэхнікі.

Для нашых вытворцаў Пакістан - адзін з ключавых рынкаў збыту трактароў па-за краінамі СНД. Штогод МТЗ адпраўляе больш як 3 000 машын. Ва ўрадзе ўпэўненыя: гэтую лічбу трэба па меншай меры падвойваць. Пакістан - краіна з развітой сельгасвытворчасцю, але яна мае патрэбу ў павышэнні эфектыўнасці працы. Партнёры актыўна наладжваюць узаемадзеянне - тавараабарот летась перавысіў 56 мільёнаў долараў.

Падчас візіту Аляксандр Лукашэнка правядзе перамовы з прэм'ер-міністрам Навазам Шарыфам, прэзідэнтам Мамнунам Хусейнам, кіраўніцтвам парламента. У Ісламабадзе будуць падпісаныя двухбаковыя дакументы па розных кірунках супрацоўніцтва. Адбудзецца і чацвёрты беларуска-пакістанскі дзелавы і інвестыцыйны форум. Удзел у цырымоніі адкрыцця возьме і Аляксандр Лукашэнка.