У Мінску прайшоў беларуска-польскі эканамічны форум "Добрасуседства-2016"

24 октября 2016

Тавараабарот Беларусі і Польшчы за 2-3 гады можа дасягнуць 4 мільярдаў долараў. Такая заява сёння прагучала на сумесным эканамічным форуме ў Мінску "Добрасуседства-2016" з удзелам віцэ-прэм'ераў Беларусі і Польшчы. Адзначым, перагаворная пляцоўка вось ужо 20 гадоў збіраецца на тэрыторыі адной з краін (па чарзе) для развіцця гандлю, сумесных вытворчасцяў і кааперацыі ў розных сферах. Вынікам форуму стала падпісанне шэрагу новых пагадненняў. Польскія бізнесмены гатовыя ўдзельнічаць у стварэнні ветрапарка і гандлёвага цэнтра ў Гродзенскай вобласці, тэніснага цэнтра ў Мінску і ў развіцці транспартнай інфраструктуры ў Віцебску.

Расказвае Святлана Лук’янюк. У гэтым партфелі польскіх бізнесменаў новы маштабны праект для Беларусі. Рынак ім добра знаёмы. Будавалі гасцініцу "Вікторыя". Сёння ў Мінску гатовыя ўзвесці тэнісны цэнтр, а ў Віцебску заняцца транспартнай інфраструктурай. Абмеркаванне дэталяў напярэдадні падпісання мемарандума.

Томаш Шуба, гендырэктар польскай будаўнічай кампаніі: "Мы будзем займацца мадэрнізацыяй, рэканструкцыяй трамвайных пуцей, будзем мяняць на сучасныя канструкцыі. Тэрміны эксплуатацыі вельмі доўгія, калі мы гэта зробім, будзе гарадскі транспарт значна лепшы: будзе цішэй, не будзе ваганняў".

Палякі гэтым праектам прыносяць да нас не толькі свае тэхналогіі, гатовыя матэрыяльна падтрымаць усе работы.

Ян Мікатужка, кіраўнік польскай будаўнічай кампаніі: "Жаданне іншага партнёра з Віцебска - каб мы задзейнічалі крэдыт, грошы на гэты праект з Польшчы, з польскіх банкаў. І ў нас ёсць такі вопыт".

Жаданне працаваць у Беларусі доўга сёння ўвасобілі ў жыццё, падпісаўшы дакументы на форуме. "Добрасуседству" ўжо 20 гадоў. Сёлета яго падтрымалі віцэ-прэм'еры. Матэвуш Маравецкі ў Беларусі ўпершыню, але ведае пра краіну шмат, у тым ліку і па расказах сваіх дзяцей, якія не аднойчы адпачывалі ў нас. Лічыць, што турызм і эканоміка адкрыюць новыя гарызонты для супрацоўніцтва. Іх бачаць і польскія бізнесмены.

У кампаніі "Атлас" дзясяткі заводаў у самой Польшчы. Адзін запусцілі і ў Гродне. Выпускаюць будаўнічыя сумесі. У наступным годзе гатовыя ўкласці яшчэ мільёны еўра ў развіццё. У Гродзенскай вобласці запрацуе і яшчэ некалькі новых вытворчасцяў.

Уладзімір Улаховіч, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "Стварэнне вытворчасці ёгуртаў у Гродне, ветрапарк у Гродзенскай вобласці, вялікі праект у Магілёўскай СЭЗ па вытворчасці прадукцыі вядомай кампаніі ІКЕА".

Кошт гэтага праекта - каля 35 мільёнаў долараў. Камерцыйныя каштарысы іншых пакуль не называюцца. Іх абмяркоўваюць і ў кулуарах форуму, і падчас кантактна-кааперацыйнай біржы.

Каля 500 бізнесменаў з Беларусі і Польшчы сёння ў Мінску гавораць пра сумесную справу. Прычым, 10 праектаў зараз у стадыі актыўнай распрацоўкі. Ужо ў наступным годзе абодва бакі чакаюць ад іх добрых дывідэндаў.

Уладзімір Карагін памятае, як праходзіў першы форум "Добрасуседства". Тады бізнесменаў сабралася ў 4 разы менш. Больш прыглядаліся, вывучалі. Зараз дзелавыя людзі прыязджаюць з пакетам канкрэтных прапаноў. Цяперашнія перамовы і зусім самыя маштабныя.

Уладзімір Карагін, старшыня Мінскага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў: "Сёння пастаўлена амбіцыйная задача за найбліжэйшыя гады выйсці на ўзровень узаемнага гандлю і паслуг роўны 4 мільярдам долараў. І я думаю, яна цалкам дасягальная і за кошт такіх мерапрыемстваў, і за кошт ведання, хто ёсць хто, і палітычнай волі".

Палякам сёння цікава працаваць у звязцы з беларусамі ў энергетыцы, будаўніцтве і дрэваапрацоўцы, мы б хацелі прыцягнуць іх і ў сельскую гаспадарку. У наступным годзе плануюць стварыць беларуска-польскі цэнтр IPO.

Казімеж Здуноўскі, старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "У Беларусі шмат высокаадукаваных людзей, на добрым узроўні прадпрыемствы, але прадпрыемствам патрабуюцца валютныя сродкі на мадэрнізацыю і развіццё. Адкуль іх узяць? Самыя танныя грошы на рэсурсе фондавых біржаў, але трэба на гэтыя біржы выходзіць. Вядома, не сёння, не заўтра, але паслязаўтра ўжо трэба".

Дэталёва наконт гэтага гаварылі на секцыях па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, умовах вядзення бізнесу і інвестклімаце. Летась Польшча інвесціравала ў нашу эканоміку каля 200 мільёнаў долараў. Сёлета за паўгода каля 120-ці. Мы ж прапануемы хуткі транзіт тавараў з Захаду на Усход, тым самым становімся важным калідорам з Еўрасаюза ў ЕАЭС. Таксама і варотамі на Усход - па "Шаўковым шляху".

Пётр Арушаньянц, дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Беларусі: "Трэба разлічваць не толькі на імгненную выгаду або так званыя хуткія перамогі. Мы павінны думаць яшчэ і пра зачын на 5, на 15 гадоў наперад і яшчэ на больш далёкую перспектыву".

А як увасобіліся ў жыццё дасягнутыя сёння дамоўленасці, абмяркуюць ужо на польскай тэрыторыі ў наступным годзе. Там будуць прымаць форум "Добрасуседства-2017".