У Мінску назвалі самых прадпрымальных

12 апреля 2013

Лепшых у харчовай, фермерскай і галіне ІТ вызначылі сёння на сцэне Палаца Рэспублікі. Акрамя ўзнагароджання пераможцаў і  лаўрэатаў конкурсу Лепшы прадпрымальнік Мінскай вобласці 2012 года, сталічныя ўлады запэўнілі бізнесменаў у падтрымцы фінансавай і тэхнічнай.


Сёлетнія вынікі і планы на будучыню ад заўважных прадпрымальніцкіх фігур ацаніў Аляксей Кандраценка.


Сёння кіраўніцтва Мінскай вобласці віншуе тых, хто робіць значны ўклад у развіццё эканомікі сталічнага рэгіёну. У Палацы Рэспублікі сабраліся лепшыя з лепшых прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу.


Пераможцамі і лаўрэатамі сталі каля 60 прадпрымальнікаў. Узнагароды атрымалі ў такіх намінацыях, як Вытворчасць прадуктаў харчавання, Лепшая фермерская гаспадарка, Сфера інфармацыйных тэхналогій, і іншых. Пра тое, што займацца сваёй справай - выгадна, сведчыць той факт, што за 2012 год бізнесменаў стала на 10% больш.


Сяргей Навіцкі, старшыня савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Мінскай вобласці: Апошнім часам дзяржава зрабіла шмат крокаў да спрашчэння і паляпшэння ўмоў працы прадпрымальнікаў. Таму іх колькасць няўхільна расце. Асноўная задача - давесці ўклад прадпрымальнікаў у долю ВУП да 30% да 2015 года. А наогул нармальны ўзровень - гэта 50-70% ВУП ад прадпрымальніцтва. 


Малы і сярэдні бізнес - гэта яшчэ і інавацыі ў вытворчасці. Тыя, хто ўжывае найноўшыя тэхналогіі, не застаюцца без увагі.


Аляксандр Турчын, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама: У залежнасці ад праекта сумы вагаюцца - гэта мільён долараў і больш. Мы бачым: тыя праекты, якія дадуць вынік для будучыні нашай эканомікі, дзяржава гатова падтрымаць. Калі суб'екты гаспадарання належным чынам карыстаюцца дзяржаўнымі прэферэнцыямі, то можа атрымацца вельмі істотная сума.


На сёння ў Мінскай вобласці больш за 50 тысяч прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу. Тыя, хто толькі пачынае сваю справу, могуць разлічваць на сур’ёзную дапамогу. Сёлета на падтрымку прадпрымальніцтва накіруюць 14 мільярдаў рублёў.