У Беларусі першы экіпаж-трохтысячнік вызначыўся ў Магілёўскай вобласці

5 августа 2016

Ім стаў тандэм камбайнераў у складзе Віктара Якуціна і Кірыла Волкава з сельгаспрадпрыемства "Александрыйскае". Віншаванні і падарункі яны прымалі сёння ад кіраўніцтва раёна, прафсаюзаў АПК. Сёлета ўраджайнасць на Шклоўшчыне, паводле слоў аграрыяў, нядрэнная - 50 цэнтнераў з гектара. Што тычыцца ў цэлым усходняга рэгіёна, увогуле ў Магілёўскай вобласці ўбрана ўжо палова плошчаў або больш за 150 тысяч гектараў. Унёсак рэгіёна ў агульны каравай краіны - амаль паўмільёна тон збожжа.

У цэлым па краіне, паводле звестак Мінсельгасхарча на 5 жніўня, убрана звыш паловы плошчаў збожжавых і зернебабовых культур. Гэта больш за мільён 100 тысяч гектараў. І намалочана звыш 4 мільёнаў тон збожжа. Лідарства з пачатку жніва ўтрымліваюць гаспадаркі Мінскай вобласці. У агульны каравай яны дадалі больш за мільён 100 тысяч тон. На другім месцы брэсцкія аграрыі - там намалочана звыш 820 тысяч тон. Завяршае табліцу Віцебскі рэгіён з намалотам амаль 260 тысяч тон збожжа.