Устойлівасць фінансавай сістэмы і перспектыва лічбавага рубля - Лукашэнка правёў сустрэчу са старшынёй Цэнтрабанка Расіі

29 мая 2023

Работа ва ўмовах санкцый, узаемадзеянне ў банкаўскім сектары і фінансавай сферы па лініі Саюзнай дзяржавы.

Актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння Прэзідэнт Беларусі сёння абмеркаваў са старшынёй Цэнтрабанка Расіі Эльвірай Набіулінай. Банкаўскія сістэмы дзвюх краін, нягледзячы на санкцыйны ціск, паказалі і працягваюць дэманстраваць устойлівасць. Аператыўна прадпрымаецца шэраг ахоўных мер. Узаемныя разлікі пераведзены ў нацыянальныя валюты. Нягледзячы на размовы пра адзіную валюту ў Саюзнай дзяржаве, гэты працэс Аляксандр Лукашэнка назваў пытаннем "не сённяшняга дня".

Сёння адбудзецца пасяджэнне Міжбанкаўскага валютнага савета цэнтрабанкаў Беларусі і Расіі. Плануецца абмеркаваць эканамічную сітуацыю ў абедзвюх краінах, вынікі працы банкаўскіх сістэм у першым квартале. Акрамя таго, бакі разгледзяць рэалізацыю мерапрыемстваў саюзных праграм, а таксама праект пагаднення паміж урадамі і цэнтральнымі банкамі Беларусі і Расіі аб супрацоўніцтве і абмене інфармацыяй, у тым ліку канфідэнцыяльнай, у сферы нагляду і кантролю за фінансавым рынкам.