Унікальную паромную пераправу сустрэлі ў Жыткавічах

28 марта 2018

Спецпраект Пінскага суднабудаўнічага завода быў у шляху двое сутак, змагаўся з плынню і ледзянымі перашкодамі. Мясцовыя чакалі яго, як выратавальную саломінку ў капрызных водах Прыпяці. Аднак адразу ж пачаць перавозіць людзей і тэхніку ён не змог. У прычынах разбіралася Ганна Кавалёва.

Васіль Кандрацюк - у капітанах 35 гадоў. Аднак такі паром прыйшлося перапраўляць упершыню. З двума напарнікамі без прыпынку ля штурвала 48 гадзін. Калі рыхтаваліся да адпраўкі з Пінска, гаворыць, ведалі: наперадзе 170 кіламетраў воднага шляху, 13 з якіх скаваныя лёдам. Тады на дапамогу да іх выехаў ледакол. У выніку - замест запланаваных трох паром даплыў за двое сутак.

За гэты праект узяўся Пінскі суднабудаўнічы завод. У аснове - звычайная грузавая баржа. Цалкам пракачалі і атрымаўся паром - унікальны ў сваім родзе.

Даўжыня - 70 метраў. Грузападымальнасць - тысяча тон. За адзін рэйс паром можа перавезці 6 фур або 25 легкавушак.

Швартовыя выпрабаванні прайшоў на выдатна. Праўда, адразу ж пачаць выконваць абавязкі не змог - няма спецыяльных прычалаў.

Па сутнасці, гэты паром - выратавальны круг для мясцовых жыхароў, якія амаль 4 месяцы знаходзіліся ў падвешаным стане. 7 снежня мост, які злучаў Жыткавічы з Туравам, ад нагрузак трэснуў у сярэдзіне. А пантон і катары сталі ненадзейнай панацэяй. З-за ледаставу працавалі з перабоямі. Пад пытаннем апынулася ўстоянае жыццё і людзей, і мясцовых прадпрыемстваў.

Капрызы надвор'я парому будуць не страшныя. І нават падчас паводкі з уздымам узроўню вады на 2 з паловай метры, ён усё роўна будзе ў страі. І галоўнае - на ім стане магчыма перакідаць цяжкагрузы. З пантонным мостам гэта было немагчыма. І ўсё ж адмаўляцца ад яго не стануць. Працаваць будуць абедзве пераправы. У такім рэжыме два раёны пражывуць да 1 студзеня 2019 года, пакуль стацыянарны мост не адрамантуюць. Зараз каробчаты пралёт, які правіс, адлучаюць ад суцэльнага маставога палатна і рыхтуюць да зносу.