Уборачная кампанія ў Беларусі ў самым разгары. На сёння ўбраная амаль траціна плошчаў

24 июля 2019

Пачнём з галоўнай тэмы - харчовай бяспекі. Гэта калі гаварыць глабальна. Але тут і не варта прымяншаць важнасць аграрнага сезона. Бо ад таго, наколькі дакладна і без страт спрацуюць нашы аграрыі, залежыць многае. У тым ліку наш з вамі каравай і экспартныя пазіцыі краіны. Уборачная кампанія ў Беларусі ў самым разгары. На сёння ўбраная амаль траціна плошчаў - гэта каля мільёна сямісот тысяч тон збожжа. Жорсткія тэрміны завяршэння кампаніі былі вызначаныя раней на нарадзе Прэзідэнта з кіраўнікамі рэгіёнаў - не больш за 20 каляндарных дзён.

Пра ход уборачнай - рэпартаж Юрыя Карняловіча. У вытворча-тэхналагічнай лабараторыі агракамбіната "Скідзельскі" ў гэтыя дні шмат працы. Узяць пробы новага ўраджаю, вывучыць яго якасць і даць кампетэнтнае заключэнне - ад дакладнага аналізу залежыць захаванасць запасаў збожжа. У залежнасці ад заключэння лабараторыі машыны са збожжам накіроўваюць непасрэдна на элеватар. Для кожнай культуры свае ёмістасці для захоўвання. Пшаніца, рапс, жыта - усяго агракамбінату ў рамках дзяржзаказу неабходна закласці на захоўванне 51 000 тон збожжа. З пачатку ўборачнай кампаніі гэты элеватар працуе амаль у кругласутачным рэжыме. Машыны прымаюць нават уначы. Магутнасці прадпрыемства дазваляюць за суткі перапрацаваць да 5 000 тон збожжа.

Пры захаванні ўсіх тэхналагічных рэжымаў збожжа можа захоўвацца дзесяцігоддзямі. Праўда, на агракамбінаце імкнуцца абнаўляць рэзервовы запас кожныя тры гады. У цяперашняе жніво асноўны аб'ём паставак прыпаў менавіта на ліпень. Каб забяспечыць пастаўкі збожжа не толькі для дзяржзаказу, але і на ўласныя патрэбы, многія гаспадаркі краіны сёлета былі змушаныя перагледзець структуру сяўбы. Віной усяму засуха. Так, у сельгаспрадпрыемстве "Урыцкае" Гомельскага раёна перасяваць прыйшлося 500 гектараў, у асноўным - на пясчаных землях.

Адначасова з уборкай збожжа аграрыі працягваюць нарыхтоўку зялёных кармоў. Асаблівая ўвага - іх захаванасці, будаўніцтву траншэй і кансервацыі паводле новых тэхналогій, што забяспечыць неабходную кармавую базу для жывёлагадоўлі. Напярэдадні на гэтым засяродзіў сваю ўвагу і Прэзідэнт падчас нарады з кіраўнікамі рэгіёнаў. Да захаванасці кармоў у гэтай гаспадарцы Віцебскага раёна ставяцца па-гаспадарску. Пад шматгадовую траву адведзена тысяча шэсцьсот гектараў. Зараз ідзе другі ўкос. Кармы для кароў захоўваюць строга паводле тэхналогіі - у траншэях. Нядаўна ўзвялі два новыя сховішчы на чатыры тысячы тон сенажу. Частку травяністых кармоў кансервуюць у стрэйч-плёнку, тым самым захоўваюць усе пажыўныя ўласцівасці. Сёлета перад аграрыямі пастаўленая высокая планка - сабраць ураджай на дзевяць з паловай мільёнаў тон. Уборка збожжа павінна быць завершаная ў 20-дзённы тэрмін.