Цёплае імпартазамяшчэнне з нацыянальным каларытам

8 июня 2015

Беларускую пуховую хустку ўжо зусім хутка змогуць прымерыць і ацаніць нашы модніцы. Па якасці гэта дэталь гардэроба не саступае арэнбургскім вытворцам. Там і тут шалі вяжуць з высакаякаснай казінай шэрсці. Ці вяртаецца шарсцяны аксесуар у спіс модных трэндаў? Вольга Макей прымерыла новы айчынны брэнд.

Пуховыя хусткі ўвайшлі ў моду ў XIX стагоддзі разам з сукенкамі з дэкальтэ і адкрытымі плячамі. У халаднаватае надвор'е дамам да такога ўбору патрэбна было дапаўненне. Тады шарсцяны аксесуар і стаў трэндам. Зараз, пераконваюць мадэльеры, такія хусткі зноў вяртаюцца на модныя подыумы. А гэтыя кадры зроблены на мінскім прадпрыемстве. Зараз шалі і паланціны з натуральнай шэрсці навучыліся вырабляць у Беларусі.

Арэнбургская пуховая хустка, пра якую спявала Людміла Зыкіна, аксесуар, які ведаюць многія.

У сакавіку падчас візіту ў Беларусь губернатар Арэнбургскай вобласці падарыў Аляксандру Лукашэнку галоўны брэнд свайго рэгіёна. Зараз пуховая хустка ручной працы - у музеі падарункаў у Палацы Незалежнасці.

Тады Прэзідэнт Беларусі даручыў наладзіць вытворчасць такіх шаляў у нашай краіне, бо ўсё ўмовы для гэтага ёсць. Паспрабавалі - атрымалася.

Менш чым за 2 месяцы ідэю рэалізавалі 2 прадпрыемствы. Ручной вязкай займаецца Цэнтр моды, машынную даручылі фабрыцы "Алеся". На гэтым прадпрыемстве ўпэўнены, рыхтаваць санкі лепш летам. Таму пра тое, што прапанаваць беларускам да наступлення халадоў, думаюць ужо зараз. Ці карыстаюцца такія мадэлі попытам - правераць на сабе. Да Дня работнікаў лёгпрама ў падарунак падрыхтавалі 400 эксклюзіўных хустак.

Любая модніца падбярэ сабе афарбоўку, а вось узор на хустках выключна з нацыянальным каларытам. Вось так будучая хустка выглядае на камп'ютары. Разгледзець тут можна фрагменты нацыянальнага арнаменту і элементы са слуцкіх паясоў.

Усяго ў гэтым спецыялізаваным цэху - 26 машын. Кожная з іх займаецца сваёй справай. Тут вяжуць вось такія беларускія хусткі, выразна можна прасачыць элементы беларускага арнаменту. Канкрэтна гэты станок зараз займаецца вытворчасцю вось такой дэталі для будучага балеро. На вытворчасць такога вырабу патрэбна 40 хвілін.

Шэрсць для пуховых хустак выкарыстоўваюць італьянскую. Уся справа ў пародзе жывёлін: коз разводзяць у адмысловых кліматычных умовах, якіх няма ў Беларусі. Інжынер Таццяна дзеліцца, з сыравінай працаваць няпроста, усё ж для іх фабрыкі гэта ноу-хау, але вытворчасць асвоілі. Зараз гатовы за месяц выпускаць да 20 тысяч вырабаў.

А вось так пуховыя хусткі вяжуць уручную. У Цэнтры моды толькі два такія спецыялісты. Алена захапілася рукадзеллем яшчэ ў школе. У тыя часы гэтыя аксесуары былі сапраўдным дэфіцытам, зараз навучыліся вырабляць самі. Майстар параўноўвае хусткі машыннай і ручной вязкі. На станку, вядома, хутчэй. Спіцамі адна хустка вяжацца да 4 тыдняў. Ды і ручная праца каштаваць будзе даражэй, але грошы не галоўнае, гаворыць Алена.

Такая хустка - добры падарунак. Акрамя таго, шарсцяны аксесуар не толькі прыгожы, але і карысны. Бо хусткі вырабляюць з высакаякаснай казінай шэрсці - яе лічаць самай цёплай. Гавораць, такая шаль здольная аблягчаць болі пры радыкуліце, спраўляцца з астэахандрозам і прастуднымі захворваннямі. У жніўні цёплая навінка з'явіцца ў магазінах. Хто ведае, магчыма беларуская пуховая хустка ў будучыні папоўніць скарбонку нацыянальных брэндаў.