Тэрмін рэалізацыі чэкаў "Маёмасць" падоўжаны яшчэ на тры гады

8 февраля 2016

Як стала вядома, тэрмін іх рэалізацыі падоўжаны яшчэ на тры гады. А вось што потым? Пакуль гэтае пытанне адкрытае. Магчыма, распрацуюць механізм кампенсацыі. Але ўсё ж лепш укласці іх у справу зараз і стаць акцыянерам беларускіх прадпрыемстваў. Колькі сёння ў спісе адкрытых акцыянерных таварыстваў і як абмяняць чэкі на акцыі, высвятляла Святлана Лук'янюк.

Чэкавая прыватызацыя ў Беларусі пачалася больш як 20 гадоў таму. Калі з чэкамі "Жыллё" ўсё было зразумела, то па чэках "Маёмасць" і дагэтуль шмат пытанняў. 170 мільёнаў чэкаў пакуль не пайшлі ў справу.

Андрэй Нагорны, кансультант праўлення Дзяржкаммаёмасці Беларусі: "Крыху меней за палову ўсіх чэкаў, якія былі выдадзеныя, яшчэ трэба выкарыстаць. Тое ж самае і па колькасці грамадзян. Дзесьці 54% толькі іх выкарысталі. Мы хочам даць людзям магчымасць скарыстацца гэтым чэкам. Яны яго атрымалі бясплатна, і няправільна было пакінуць усё гэта без руху".

У Дзяржкаммаёмасці гавораць, асноўнымі ўладальнікамі акцый у першыя гады былі працаўнікі прадпрыемстваў, іншыя ўклаліся проста ў прадпрыемствы з імем або ў акцыянерныя таварыствы, напрыклад, магазіны. І ўвесь гэты час атрымліваюць дывідэнды. Раней чэкі "Маёмасць" змянялі яшчэ на чэкі "Жыллё" і іх актыўна скуплялі, каб потым прыватызаваць свае квадраты. У апошнія гады цікавасць да чэкавай прыватызацыі зноў павялічылася. Яе падоўжылі яшчэ на тры гады.

Імянныя чэкі "Маёмасць" сёння можна абменьваць на акцыі беларускіх прадпрыемстваў у аддзяленні Беларусбанка толькі па месцы жыхарства. У кожнага аператара ёсць поўны спіс гэтых прадпрыемстваў, галоўнае, пралічыць выгаднасць укладанняў.

Тут улічваецца і сённяшні дзень на вытворчасці, і перспектыўнасць развіцця галіны. Дарэчы, у розных населеных пунктах або нават у розных раёнах горада пералік гэтых прадпрыемстваў можа адрознівацца. У сярэднім у кожным аддзяленні банка каля пяці адкрытых акцыянерных таварыстваў. А ўсе яны на сайце банка.

Каб мінімізаваць свае рызыкі, спецыялісты рэкамендуюць падзяліць усе чэкі на некалькі прадпрыемстваў. Абмен прыкладна 1:1, але можа быць, што за адну акцыю прыйдзецца аддаць 10 чэкаў "Маёмасць".

Андрэй Канавалаў, галоўны спецыяліст дэпартамента рознічнага бізнесу ААТ "АСБ "БЕЛАРУСБАНК": "Лепш зрабіць іх абмен на акцыі, нейкія дывідэнды будзе атрымліваць грамадзянін, зыходзячы з фінансавага складальніка гэтага прадпрыемства".

Акцыя - гэта каштоўная папера, з якой вы можаце здзяйсняць мноства аперацый: перапрадаваць, дарыць, перадаваць па спадчыне. Да таго ж чэкі "Маёмасць" праз некалькі гадоў стануць гісторыяй, а акцыі будуць дзейнічаць, пакуль жыве прадпрыемства.