"Слаўкалій" будзе рэалізоўваць сваю прадукцыю праз Беларускую калійную кампанію

7 июля 2017

"Слаўкалій" будзе рэалізоўваць сваю прадукцыю выключна праз Беларускую калійную кампанію. Аб гэтым сёння заявіў кіраўнік савета дырэктараў Міхаіл Гуцэрыеў. Паводле яго слоў, на рынку з'яўляецца новы гулец сусветнага ўзроўню па здабычы і перапрацоўцы калійнай руды. Акрамя традыцыйных тэхналогій тут будуць выкарыстоўвацца і цалкам новыя. Так, упершыню ў свеце хуткасць свідравання складзе тры метры за суткі.

Праходкай шахтных ствалоў на ўчастку будаўніцтва Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната зоймуцца нямецкія кампаніі. Кітайскія інвестары будуць адказваць за энергазабеспячэнне пляцоўкі і пастаўку абсталявання. "Слаўкалій" падпісаў сёння дагавор аб супрацоўніцтве. Інвест-праект - гэта добры прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Агульны кошт праекта - два мільярды долараў. Пасля выхаду на поўную магутнасць прадпрыемства будзе прадаваць да двух мільёнаў тон калію за год.

Міхаіл Гуцэрыеў, старшыня савета дырэктараў ЗТАА "Слаўкалій":

"Мы будзем супрацоўнічаць з усімі, але працаваць будзем праз БКК. Таму што БКК - гэта беларуская кампанія, "Беларуськалій" і "Слаўкалій" - таксама беларускія кампаніі. Мы партнёры. Будзе цікава працаваць з "Уралкаліем" або з Канадай, значыць, будзем працаваць, але БКК - гэта наша кампанія, праз якую будзем прадаваць".

Ёхен Грайнахер, гендырэктар кампаніі Deilmann-Haniel GMHH:

"Мы разлічваем на доўгатэрміновае супрацоўніцтва з Беларуссю. Пакуль наш праект разлічаны прыкладна на пяць гадоў: будзем будаваць у вас руднік. Плануем прыцягваць да працы ў тым ліку і вашых пастаўшчыкоў".

Старт праекту далі два гады назад. У верасні 2015-га Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і бізнесмен Міхаіл Гуцэрыеў урачыста заклалі капсулу ў знак пачатку будаўніцтва.

Гэта будзе другое прадпрыемства ў Беларусі па здабычы калійнай руды і вытворчасці калійных угнаенняў.