Сельгасарганізацыі Мінскай вобласці завяршылі першы этап касавіцы

24 июня 2020
Усяго нарыхтавана ўжо больш за паўмільёна тон травяністых кармоў. Адначасова аграрыі пачынаюць другі ўкос. Добраму ўраджаю спрыяе і надвор'е: дзякуючы сонцу і дажджам травы наліваюцца сокам. Як карысць ад самых папулярных культур, сярод якіх і люцэрна, закансерваваць на гады наперад? Рэпартаж з палёў  Аляксея Кандраценкі.

Інтэнсіўнае сонца і багатыя дажджы! Чэрвень, паводле слоў аграрыяў, ідэальны месяц для нарыхтоўкі кармоў. Дзякуючы надвор'ю  адзін ураджай плаўна пераходзіць у іншы. На палях агракамбіната «Ждановічы» зараз працуюць прэс-падборшчыкі. За дзень адна машына нарыхтоўвае да двухсот рулонаў. 

Кармы ў стрэйч-плёнцы літаральна як кансервы. Распакаваць такую можна і праз год. Пры гэтым усе травы застануцца такімі ж сакавітымі, як і зараз. 


Час інтэнсіўнай корманарыхтоўкі ў АПК


Адзін з папулярных палявых «букетаў» - люцэрна, фестулоліум і цімафееўка. Трыа дае найлепшую якасць корму для сельгасжывёл. 

Паступова за сезон такія рулоны, як і сянажныя траншэі, фарміруюць кармавы запас. Многія каровы ў агракамбінаце даюць і па 28 літраў малака за суткі - вынік вышэйшы за сярэдні. Усё гэта магчыма дзякуючы і якасным кармам. 

Сама касавіца працягнецца да восені. Па выніках усіх укосаў, а іх за сезон можа быць пяць, аграрыі Мінскай вобласці плануюць атрымаць больш за два мільёны тон кармавых адзінак травяністых кармоў.