З сённяшняга дня беларускіх спажыўцоў пачалі рыхтаваць да новых грошай

1 апреля 2016

Міністэрства гандлю рэкамендавала магазінам, прадпрыемствам грамадскага харчавання і сферы паслуг з 1 красавіка паказваць цэны ў 2 варыянтах - да і пасля маючай адбыцца дэнамінацыі. На практыцы сумы трэба дзяліць на 10 тысяч (г.з. адкідваць 4 нулі). Як гандаль рыхтуецца да пераходу на новыя рублі і капейкі? Рэпартаж Веранікі Буты.

Цукеркі па 70 капеек, пячэнне за 2 рублі 9 капеек. І гэта не першакрасавіцкі жарт. З сённяшняга дня прадпрыемствы гандлю і сэрвісу пачалі перапісваць цэннікі. Зараз можна лёгка даведацца, колькі будзе каштаваць тавар пасля дэнамінацыі.

Прычым новаўвядзенне тычыцца не толькі традыцыйных, але і інтэрнэт-магазінаў, кафэ і рэстаранаў. Асаблівых патрабаванняў Мінгандаль не прад'явіў. Галоўнае, каб было інфарматыўна і зразумела. Сярод пажаданняў - толькі розны шрыфт і колер.

Інтэрнэт-магазіны ўкарэняць новаўвядзенне значна хутчэй. А вось стацыянарным гандлёвым аб'ектам, асабліва буйным рэтэйлерам, спатрэбяцца дадатковыя выдаткі - фінансавыя і часавыя.

Віялета Бразоўская, начальнік упраўлення Міністэрства гандлю Беларусі: "Мы разумеем, што з сённяшняга дня ўвесь гандаль рэзка не перапіша цэннікі. Гэта доўгі працэс. Яны маюць права з 1 красавіка гэта паступова рабіць".

Гандаль і сэрвіс перайсці на новы фармат цэн павінны на працягу двух месяцаў - да пачатку лета. Тым часам па ўсёй краіне ўжо праходзяць тэсты касавага абсталявання і вагаў. Замяняць у большасці выпадках іх не прыйдзецца: неабходная толькі перанастройка.

Дзмітрый Сакалоўскі, намеснік дырэктара сэрвіснай кампаніі: "Шляхам аддаленага кіравання касай закрылі змену на касе, зрабілі акт пераацэньвання, загрузілі новыя цэны, і каса гатовая працаваць у новым маштабе цэн".

Час перанастройкі - ад 5 хвілін да 2 гадзін у залежнасці ад мадэлі. У некаторых выпадках неабходна выклікаць майстра. Усяго ў Беларусі тэхнічным абслугоўваннем займаюцца толькі 100 цэнтраў, а перапраграмаваць трэба 246 тысяч кас.

Уладзімір Афанасьеў, электрамеханік сэрвіснай кампаніі: "Да нас паступаюць лісты і тэлефонныя званкі з просьбай усталяваць чарговасць для таго, каб правесці гэтыя дзеянні".

Аб'екты гандлю, якія 1 ліпеня не паспеюць перанастроіць абсталяванне на новы маштаб цэн, працу не спыняць. Перавесці касавыя апараты можна да канца снежня.

Віялета Бразоўская, начальнік упраўлення Міністэрства гандлю Беларусі: "Ёсць тыя касы, якія проста патрабуюць перапраграмавання, гэта будзе ісці ў рамках кошту тэхабслугоўвання. Калі неабходна замена цалкам софта, гэта значыць праграмы, вядома, гэта будзе за дадатковыя сродкі".

Новыя цэннікі і тэсты гандлёвага абсталявання - гэта ўсяго толькі трэніроўкі перад дэнамінацыяй, якая пройдзе ў краіне роўна праз тры месяцы. Пры гэтым, нагадаю, старыя купюры не выйдуць з абароту да канца года.